Стала вядома, дзе ў Гомелі пасля абмену лечаць расійскіх ваеннапалонных

Расійскія вайскоўцы ў Гомелі

Расійскія вайскоўцы ў Гомелі / "Беларусь 1"

Расійскіх ваеннапалонных пасля абмену 5 лютага з украінцамі размясцілі ў адной з гомельскіх клінік. Сюжэт пра гэта паказалі на дзяржаўных тэлеканалах, але шпіталь не назвалі.

У тэлесюжэце нават далі каментар лекара, чыё імя не назвалі, хаця і паказалі яго твар. Медык заявіў, што цяпер стан усіх пацыентаў з групы расійскіх вайскоўцаў стабільны, але расцэньваецца як цяжкі. Аднаму з пацыентаў зрабілі аперацыю, бо ён паступіў у крытычным стане.

Таксама ён дадаў, што "ў шэрагу пацыентаў — множныя іншародныя целы ў розных частках цела, не апераваныя, з наяўнымі ўжо ўскладненнямі". Адзін пацыент, паводле яго, перанёс вострае парушэнне мазгавога кровазвароту.

Як высветліла выданне "Флагшток", каментар даў Валерый Стома — загадчык таксікалагічнага аддзялення Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

Дарэчы, у 2025 годзе Стома атрымліваў узнагароду ад сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча, як і іншыя медыкі. Верагодна, лячэннем расійскіх вайскоўцаў яго аддзяленне займалася і раней. 

Стала вядома, дзе ў Гомелі пасля абмену лечаць расійскіх ваеннапалонных
Валерый Стома каментуе лячэнне расійскіх салдатаў / "Беларусь 1"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.