Беларусь на ЧЕ не сыграла ніводнага матчу, але двойчы перамагла. Як гэта?

Футбол, ілюстрацыйнае фота

Футбол, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

УЕФА прызнала тэхнічнай паразай адмову жаночых зборных Эстоніі і Літвы гуляць супраць Беларусі ў адборы на юнацкі Чэмпіянат Еўропы па футболе, піша Football Online.

"У сувязі з тым, што Эстонская і Літоўская футбольныя федэрацыі адмовіліся гуляць у адборачных матчах Чэмпіянату Еўропы сярод дзяўчат да 17 гадоў супраць зборнай Беларусі, кантрольна-этычны і дысцыплінарны орган УЕФА прыняў рашэнне залічыць зборным Эстоніі і Літвы вынік 0:3", — гаворыцца ў паведамленні Федэрацыі футбола Беларусі.

Такім чынам, не правёўшы ніводнага матчу, Беларусь стала лідарам сваёй адборачнай групы. Фінал Еўра сярод дзяўчат да 17 гадоў пройдзе з 3 па 16 мая ў Паўночнай Ірландыі.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну УЕФА і ФІФА прынялі рашэнне адхіліць расійскія клубы і нацыянальныя зборныя ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах пад іх кіраўніцтвам. Каманды з Беларусі працягваюць гуляць у чэмпіянатах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.