Экс-кіраўніку Рэчыцы прысудзілі 7 гадоў за прыпіскі

Віталь Панчанка

Віталь Панчанка / televid.by

Сем гадоў пазбаўлення волі і штраф у 31,5 тыс. рублёў прысудзілі былому старшыні Рэчыцкага райвыканкама.

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў яго вінаватым у перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, учыненых з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці службовай асобай, якая займае адказнае становішча (ч.3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса).

У пракуратуры заявілі, што кіраўнік райвыканкама загадваў рабіць прыпіскі, каб паказаць нібыта эфектыўную дзейнасць стратных сельскагаспадарчых арганізацый. "Ён з лістапада 2012 года па кастрычнік 2022 года даваў заведама незаконныя ўказанні кіраўнікам і спецыялістам арганізацый АПК і прадпрыемстваў раёна, а таксама свайму намесніку — начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на скажэнне дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці па форме 12-сх (жывёлагадоўля) у мэтах утойвання падзяжу жывёлы", — кажуць пракурорскія работнікі.

Па гэтай справе да крымінальнай  адказнасці былі прыцягнутыя 20 чалавек — "за ўчыненне злачынстваў супраць інтарэсаў службы, падрыве аўтарытэту і прэстыжу органаў мясцовага кіравання".

У пракуратуры не называюць імя чыноўніка. Аднак летась стала вядома пра затрыманне экс-старшыні Рэчыцкага райвыканкама Віталя Панчанкі. Яго, дарэчы, ужо арыштоўвалі ў 2022-м, але тады ён выйшаў з СІЗА і нават стаў ідэолагам у "Беларуснафце".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.