За "палітыку" асудзілі экс-вайскоўца з роты ганаровай варты
Максім Сямітка (злева) падчас службы / фота з старонкі "Вконтакте"
31‑гадовага Максіма Сямітку затрымалі амаль год таму і асудзілі паводле палітычнага абвінавачання — "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Хутчэй за ўсё, гэта звязана са "справай Гаюна", піша "Наша Ніва".
Максім Сямітка нарадзіўся 8 студзеня 1995 года на Гомельшчыне. Падчас набору ў войска хлопец трапіў у роту ганаровай варты, якая ўдзельнічае ва ўрачыстых мерапрыемствах дзяржаўнага ўзроўню. Бяруць туды толькі хлопцаў высокага росту з правільнымі рысамі твару. На дэмбель Максім пайшоў у 2016-м, калі меркаваць па сацсетках.
Пасля войска служыў у міліцыі, у Дэпартаменце аховы МУС. Сямітка быў міліцыянтам-кіроўцам у спецыяльным батальёне, служба якога звязана з аховай дыпламатычных прадстаўніцтваў. У 2019‑м даслужыўся да звання старшага сяржанта міліцыі. Дзе працаваў апошнім часам — невядома.
У сацсетцы "Вконтакте" Сямітка апошні раз быў анлайн 23 лютага 2025 года — праз два тыдні пасля таго, як стала вядома пра ўзлом чата канала "Беларускі Гаюн". Віцебскі абласны суд прысудзіў яму "хімію" з накіраваннем ці калонію. У сацсеткі Сямітка не вярнуўся.