"Разавая акцыя" — мінскія ўлады абяцаюць у чацвер вярнуць святло на вуліцы

Цёмныя вуліцы Мінска

Цёмныя вуліцы Мінска / фота з сацсетак

Адключэнне святла на вуліцах увечары 4 лютага выклікала масавае абурэнне беларусаў.

Нагадаем, што гэта адбылося пасля словаў Лукашэнкі пра тое, што святло ўключаюць занадта рана і марнуюць дзяржаўныя грошы. Пасля гэтага ў Мінэнерга адбылася нарада, а вулічныя ліхтары ў беларускіх гарадах уключылі толькі а 19-й, хаця сцямнела каля 18-й.

Журналістка выдання "Зеркало" паспрабавала высветліць сітуацыю як прыватная асоба. Начальнік аддзела энергетыкі і газазабеспячэння Мінэнерга Павел Шкурко адказаў, што графікамі вулічнага ўключэння займаюцца мясцовыя выканкамы, а не міністэрства. Вулічнае асвятленне Міністэрству энергетыкі не падпарадкоўваецца, кажа чыноўнік: "Я асабіста як грамадзянін учора ў тых жа эмоцыях, як і вы, быў, таму што бачыў на вуліцы ў вячэрні час, у шэсць вечара, як не асвятляецца каля майго дома пешаходны пераход".

Адключэнне святла пасля выступу Лукашэнкі Шкурко растлумачыў мясцовай ініцыятывай: "Я так разумею, на розных узроўнях выканаўцы прынялі вельмі літаральна словы кіраўніка дзяржавы і, увогуле, перастараліся".

У дзяржпрадпрыемстве "Мінгарсвятло журналістцы сказалі, што выконвалі рашэнне Мінгарвыканкама наконт вулічных ліхтароў.

А ў прыёмнай старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава паабяцалі, што сёння святло ўключаць як звычайна: "Гэта было рашэнне кіраўніцтва. Сёння так не будзе, гэта была разавая акцыя. Сёння а шостай гадзіне ўключыцца асвятленне. Як звычайна, як да гэтага ўключалася".

Сакратарка ў прыёмнай паведаміла, што рашэнне ўжо адмянілі, бо было вельмі шмат тэлефанаванняў.

Варта дадаць, што адключэнне ліхтароў было не толькі ў Мінску, але і шмат якіх іншых гарадах Беларусі. Такая скаардынаваная акцыя па ўсёй краіне наўрад ці праводзілася без ведама кіраўніцтва, якое адмаўляюць у Мінэнерга.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.