Беларусаў заклікаюць з разуменнем ставіцца да зніжэння тэмпературы ў кватэрах

Батарэя, ілюстрацыйнае фота

Батарэя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларусы павінны з разуменнем ставіцца да зніжэння тэмпературы ў кватэрах. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў намеснік міністра энергетыкі Сяргей Адаменка.

"З улікам заўваг кіраўніка дзяржавы, якія мы, вядома ж, улічылі, мы запланавалі зніжэнне тэмпературнага графіка для таго, каб не было вялікай нагрузкі на наша абсталяванне і мы маглі пры гэтым забяспечыць сацыяльныя ўмовы пражывання людзей", — сказаў чыноўнік. Ён удакладніў, што ў моцныя маразы тэмпература ў кватэрах будзе ніжэйшая, чым у ранейшыя гады, "але гэта будуць усё адно камфортныя ўмовы", запэўніў Адаменка.

Ён нагадаў, што сацыяльным стандартам лічыцца тэмпература ў памяшканні не ніжэй за +18 градусаў.

"Такія нехарактэрныя маразы, як цяпер у нас адбываюцца сёлета — вядома ж, мы да іх не прызвычаіліся. Нашы грамадзяне пры гэтым прызвычаіліся, што ў нас 22-25 градусаў у кватэрах. Але гэта вялікія нагрузкі на абсталяванне".

У сярэдзіне студзеня на цеплатрасе ў Мінску адбылася буйная аварыя, якая пакінула без цяпла і гарачай вады жыхароў пяці з дзевяці раёнаў сталіцы. Пасля гэтага Лукашэнка загадаў зніжаць тэмпературу цепланосьбіта ў трубах, каб не было аварый на цеплатрасах. "Мы холаду не баімся. Галоўнае, каб цеплатрасы ў нас вытрымлівалі", — заявіў ён.

У ноч на панядзелак у некаторых раёнах тэмпература паветра апускалася ніжэй за 30 градусаў марозу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.