Летась на працу ў Літву прыехалі каля 12 тысяч беларусаў
Літва, ілюстрацыйнае фота
У 2025 годзе на працу ў Літву прыехалі 71 400 замежнікаў. Прычым сярод іх вырасла доля грамадзян ЕС, а колькасць людзей, якія прыбылі з трэціх краін, скарацілася. Пра гэта паведаміла Служба занятасці Літвы, перадае DELFI.
Паведамляецца, што летась на працу ў Літву прыехалі 59 400 грамадзян з краін, якія не ўваходзяць у ЕС. Траціна новай працоўнай сілы прыпала на Украіну, а кожны пяты з новых работнікаў прыехаў з Беларусі. Узбекістан даў 10,2% прыезджых, а яшчэ 5,8% — Індыя.
Сярод прадстаўнікоў краін ЕС найбольшая колькасць прыехала з Румыніі — 4800, Латвіі – 2700 і Польшчы – 1800.
"У мінулым годзе колькасць грамадзян трэціх краін, якія прыбылі на працу, скарацілася на 5% (гэта значыць, на 3000 чалавек), а паток замежнікаў з еўрапейскіх краін павялічыўся на 25%", — пракаментавала намеснік дырэктара Службы занятасці Гедрэ Сінкявічэ. Паводле яе, зменшыўся прыток працоўнай сілы сярод беларусаў, азербайджанцаў, таджыкаў, кіргізаў і малдаванаў.
Паводле звестак службы, цяпер у Літве больш за ўсё працуе ўкраінцаў (51 800), беларусаў (47 200), узбекаў (11 200), таджыкаў (7100), індыйцаў (6100).