У Мінску ад удару токам у тралейбусе пацярпелі два чалавекі
Дзіяна, якую стукнула токам у тралейбусе / акаўнт дзяўчыны ў TikTok
У Мінску пасажырку тралейбуса ўдарыла токам. Здарэнне адбылося 27 студзеня, калі дзяўчына заходзіла ў тралейбус 44-га маршруту.
Пацярпелая Дзіяна выклала відэа ў TikTok. Яна расказала, што каля 16:45 зайшла ў тралейбус на прыпынку "Цэнтр міласэрнасці" на вуліцы Кальварыйскай. Узяўшыся за поручань, яна ступіла на падлогу транспарту, пасля чаго адчула моцны боль і страціла прытомнасць.
"Прачнулася ўжо ў сярэдзіне салона. Людзі сказалі, што я страшна крычала і нейкі мужчына літаральна адцягнуў мяне ад дзвярэй. Ужо дома я зразумела, што нага анямела, адчувальнасць так і не вярнулася, таму выклікала хуткую дапамогу", — паведаміла дзяўчына.
У іншым відэа яна расказала, што дактары дыягнаставалі ў яе праблемы з сэрцам, апёкі, траўму галенастопа і стрэс. Цяпер дзяўчына праходзіць лячэнне ў 4-й гарадской клініцы.
У "Мінсктрансе" кажуць, што пра інцыдэнт з дзяўчынай даведаліся з сацсеткі. Яна не звярталася ні да кіроўцы тралейбуса, ні ў само прадпрыемства.
Выявілася, што дзяўчына была не адзінай пацярпелай у тым тралейбусе. Шпіталізавалі і яшчэ аднаго хлопца.
"27 студзеня каля 16:40 у тралейбусе маршруту №44 на вул. Кальварыйскай адбылася ўцечка току — пацярпеў пасажыр-падлетак, які з папярэднім дыягназам "электратраўма" быў шпіталізаваны ў 6-ю ГКБ. Пасля абследавання ён знаходзіцца дома", — перадаюць "Мінск-Навіны" каментар транспартнага прадпрыемства.
Больш да медыкаў і кіроўцы ніхто не звяртаўся, кажуць у "Мінсктрансе". Цяпер па факце гэтага здарэння праводзіцца разбіральніцтва.
У "Мінсктрансе" паведамілі, што пасля выздараўлення пацярпелым (ці іх законным прадстаўнікам) неабходна звяртацца ў філіял "Транспартны парк №4". там складуць акт аб прычыненні шкоды здароўю, а потым перададуць у страхавую кампанію для кампенсацыі шкоды.