Замест новых электрычак з Мінска ў Віцебск і Магілёў пусцяць старыя цягнікі
Цягнік з лакаматывам / Беларуская чыгунка
Электрацягнікі ДП-6, якія курсуюць на маршруце Мінск — Віцебск, будуць замененыя на цягнікі з вагонамі лакаматыўнай цягі. Такое рашэнне Беларуская чыгунка растлумачыла "тэхнічнымі прычынамі".
Змены 3 лютага закрануць цягнік №711 Віцебск — Мінск, 4 лютага — цягнікі №712 Мінск — Віцебск, №713 Віцебск-Мінск і №714 Мінск– Віцебск.
Ад 5 лютага цягнікі №704/703, №712/711 і №714/713, якія ходзяць з Мінска ў Віцебск і назад, будуць абслугоўвацца саставамі з вагонаў лакаматыўнай цягі. Прычым хадзіць яны будуць з адхіленнем ад раскладу.
Таксама замест электрычак будуць хадзіць цягнікі ў Магілёў. Пад змены з 3 па 5 лютага трапляюць цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа №744/745 Мінск – Магілёў – Мінск і цягнік №745 Магілёў – Мінск 6 лютага.
Пасажырам, якія ўжо набылі квіткі, чыгунка абяцае вярнуць розніцу ў кошце праезду. Для гэтага трэба звярнуцца ў білетныя касы.
Пры гэтым на чыгунцы папярэджваюць, што квіткі на гэтыя цягнікі могуць часова адсутнічаць у сістэмах і пунктах продажу. Каб набыць іх, трэба перыядычна правяраць абнаўленні ў мабільным дадатку БЧ або ў адзіным раздзеле "Паслугі пасажырам".