Небяспечныя сувязі? Як адмена аўтобусаў падзяліла латвійцаў і беларусаў

КПП "Сілене" 

КПП "Сілене"  / LETA

“Яшчэ нядаўна ты мог за паўгадзіны даехаць да сваякоў, але восем гадзін прастаяць на мяжы. А цяпер і гэтага ўжо няма”, — распавядае Іна Плавока, жыхарка Латвіі, рэдактарка мясцовага незалежнага выдання “Чайка”.

Доўгія гады жыхары Даўгаўпілса і іншых прыгранічных латвійскіх населеных пунктаў падтрымлівалі цесныя сувязі з Беларуссю. Суседзі рэгулярна ездзілі адзін да аднаго ў госці — з самых розных нагод: наша суразмоўца, напрыклад, у дзяцінстве праводзіла кожнае лета ў бабулі ў Слаўгарадзе, а пазней разам з сям’ёй ездзіла ў Браслаў, дзе таксама жывуць сваякі.

У апошні час сітуацыя істотна змянілася: адзін з пунктаў пропуску не працуе па ініцыятыве латвійскага боку, другі — часткова закрыты, прамыя аўтобусныя рэйсы адменены. Цяпер трапіць з Латвіі ў Беларусь на аўтобусе можна толькі праз Літву.

У інтэрв’ю Еўрарадыё Іна падрабязна распавядае, якімі былі адносіны паміж людзьмі, што жывуць па абодва бакі беларуска-латвійскай мяжы, і што адбываецца цяпер.

Опасные связи? Как отмена автобусов разделила латвийцев и белорусов
Іна Плавока / fecebook.com

У госці да сваякоў і па бензін

— Даўгаўпілс, у якім я жыву, знаходзіцца прыкладна за 50 кіламетраў ад мяжы. Гэта значыць, зусім блізка — на машыне дарога займала каля паўгадзіны, — распавядае Іна Плавока. — Людзі актыўна карысталіся гэтай магчымасцю. У вельмі многіх мясцовых у Беларусі жывуць родныя, у тым ліку і ў мяне. Таму мы даволі часта ездзілі туды, каб сустрэцца і паразмаўляць.

Опасные связи? Как отмена автобусов разделила латвийцев и белорусов
Людзі прывыклі ездзіць адзін да аднаго ў госці / Telegram

Многія хочуць ездзіць толькі ў беларускія санаторыі

Важнай часткай прыгранічнага жыцця латышоў і беларусаў доўгі час заставаўся турызм. У першую чаргу гэта датычылася паездак у беларускія санаторыі. Паводле слоў Іны, у Даўгаўпілсе і іншых гарадах рэгіёна працавалі невялікія турыстычныя фірмы, для якіх гэты кірунак быў адным з ключавых.

Опасные связи? Как отмена автобусов разделила латвийцев и белорусов
На мяжы / facebook.com/rs.gov.lv

Сувязі рвуцца, але бяспека — важнейшая

Гаворачы пра рэакцыю людзей на тое, што адбываецца, Іна падкрэслівае: меркаванні ў грамадстве былі і застаюцца рознымі. Хтосьці ўспрымае абмежаванні як неабходную меру бяспекі, а хтосьці — як несправядлівы разрыў жывых чалавечых сувязяў.

— Я разумею людзей, якія скардзяцца, прызнаецца яна. — Я сама сумую па сваіх сваяках, па магчымасці проста ўбачыцца, абняцца, паразмаўляць. Для многіх гэта не пра палітыку, а пра блізкіх, пра сям’ю, пра вельмі асабістыя рэчы.

У той жа час Іна кажа, што для яе самой пытанне бяспекі даўно стала вызначальным, і стаўленне да паездак у Беларусь пачало змяняцца яшчэ задоўга да 2020 года.

— Я была там у 2016 годзе па працы, — успамінае яна. — Тады нас запрасілі па нейкай фармальнай нагодзе, гаварылі пра супрацоўніцтва паміж медыя. І ўжо тады для мяне многае стала відавочным.

Паводле слоў суразмоўцы, падчас той паездкі да групы латвійскіх журналістаў быў прыстаўлены чалавек, які пастаянна знаходзіўся побач, слухаў размовы і кантраляваў перамяшчэнні.

— Для мяне, як для чалавека са свабоднай краіны, гэта было шокам, — кажа Іна. — Ты адчуваеш, што не можаш задаваць пытанні, што за табой сочаць, што людзі баяцца гаварыць адкрыта. Гэты страх вісеў у паветры.

Пасля падзей 2020 года, калі “Чайка” падрабязна асвятляла пратэсты ў Беларусі і наступныя за імі рэпрэсіі, меркаванне суразмоўцы Еўрарадыё канчаткова ўмацавалася.

— Мы публікавалі фатаграфіі, распавядалі пра затрыманні, пра гвалт, бачылі, як жорстка рэжым у Беларусі рэагуе на такую працу, — кажа Іна. — І стала абсалютна зразумела: гэта небяспечная краіна. Не абстрактна небяспечная, а канкрэтна небяспечная для людзей, якія адкрыта выказваюцца, для журналістаў, для актыўных грамадзян.

Сёння, прызнаецца яна, менавіта гэтае разуменне ўтрымлівае яе ад паездак — нягледзячы на тугу па родных.

— Мне вельмі шкада, што я не магу падтрымліваць адносіны з блізкімі, — кажа Іна. — Асабліва перажываю, што мой сын ужо вырас, і ён зусім іх не ведае, што сувязі страчаны. І вось гэта, канечне, вельмі сумна. Самае цяжкае — разумець, што ты сумуеш, што сувязі рвуцца, што час сыходзіць, але пры гэтым усведамляць: цяпер туды ехаць нельга. Гэта сапраўды небяспечна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.