Ці памірыцца калі-небудзь Лукашэнка з суседзямі?
Мяжа Беларусі з Польшчай / sb.by
Аляксандр Лукашэнка пралічвае хады і спрабуе зразумець, якое месца зойме ў міжнародных стасунках пасля заканчэння вайны Расіі ва Украіне, кажа ў эфіры Еўрарадыё гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
Ён перакананы, што вызваленне 31 грамадзяніна Украіны было звязана з жаданнем Лукашэнкі вярнуцца ў гульню і звярнуць на сябе ўвагу амерыканцаў. Ды беларускі рэжым і ў адкрытую заяўляў, што гэтыя дзеянні — крок насустрач амерыканцам.
Вось як яго падыходы да выбудоўвання адносін з суседзямі каментуе Фрыдман:
— Лукашэнка пралічвае хады: калі скончацца баявыя дзеянні ва Украіне, трэба будзе суіснаваць з Кіевам і з украінскімі ўладамі. Таму ёсць сэнс рабіць нейкія крокі ў бок Украіны.
Што датычыцца адносін з Літвой, Латвіяй і Польшчай, тут важны кантэкст. Хто цяпер стаў галоўнай перашкодай для расійскіх інтарэсаў? Еўропа. Які наратыў там цяпер пануе? Наратыў пра тое, што Еўропа сапсавала такі добры "план Трампа" па Украіне. Таму супраць гэтага ворага трэба працаваць далей, трэба ўскладняць еўрапейцам жыццё.І, мабыць, у гэтым кірунку ў Мінску і працуюць. Таму вярнуліся метэазонды (над Літвой), таму актуалізавалася пытанне міграцыйнага крызісу і таму няма ніякіх істотных крокаў у бок Польшчы.
Хіба мы можам цяпер уявіць сабе, што Лукашэнка зробіць крок насустрач Польшчы, калі канфлікт Варшавы з Масквой абвастраецца? У такіх умовах у Лукашэнкі абмежаваныя магчымасці.
Фрыдман мяркуе, што Лукашэнка не зрабіў высноў са свайго досведу выбудоўвання стасункаў з Еўрасаюзам. І яго погляд на Еўропу, як на васала ЗША, — памылковы.
— Лукашэнка мяркуе, што Еўропа несамастойная, і што на яе можна ціснуць. Яго ўласны вопыт гэтага не пацвярджае. У Лукашэнкі негатыўны досвед: кожны раз, як ён далёка заходзіў у правакацыях у дачыненні да Еўропы, атрымліваў балючыя адказы.
І цяпер ён рызыкуе атрымаць яшчэ адзін адказ. Але тут у мяне заўсёды ўзнікае пытанне: а ў якой ступені ён самастойны? Ён рухаецца ў фарватэры знешняй палітыкі Расіі і выконвае ролю ў расійскай палітычнай сістэме. Верагодна, ён зноў робіць тое, што яму не вельмі хочацца рабіць, але чаго ад яго патрабуюць людзі ў Маскве.
А што Еўропа? Яна настолькі ж залежная ад ЗША, як Лукашэнка — ад Крамля? Фрыдман раіць звярнуць увагу на сітуацыю вакол замарожаных Еўропай сродкаў расійскага Цэнтрабанка — іх магчымага выкарыстання на карысць Украіны.
— Хоць у Еўропы менш спосабаў уплываць на Расію, чым у ЗША, гэты актыў можа быць выкарыстаны даволі балесным чынам для Расіі, — кажа Фрыдман.
Глядзіце эфір з Аляксандрам Фрыдманам на канале Еўрарадыё.