Лукашэнка нікуды не дзенецца ад Расіі, “перазагрузкі” з Захадам не будзе

Такі шанец быў упушчаны яшчэ ў 2010 годзе

Такі шанец быў упушчаны яшчэ ў 2010 годзе / РИА Новости

— Пасля 2010 года рэальных магчымасцяў для новай "перазагрузкі" адносінаў з Захадам ужо не існавала. Дамінантнасць Расіі ў ключавых ваенных, эканамічных і ў многім культурных сферах была відавочнай, — лічыць дырэктар даследчых праграм Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошас.

Ці "зацэментаваны" лёс Беларусі пры Лукашэнку ў адным тазіку з Расіяй? Ці могуць ЗША і Еўропа неяк разбіць гэтую сувязь? На гэтыя тэмы ў эфіры Еўрарадыё разважаў Аркадзь Мошас.

— Два гады нам казалі, што Беларусь адышла ўбок, што з яе тэрыторыі больш нічога не ляціць ва Украіну, што пагроз няма. Але вось настаў момант, калі Масква зразумела, што невядома, чым усё можа скончыцца. Чарговыя вучэнні аказаліся "сціплымі" — проста няма войскаў, якімі можна манеўраваць. І што мы бачым? Дроны паляцелі ў Польшчу, паветраныя шары — у Літву.

Пры ўсім маім стаўленні да Лукашэнкі, я не магу ўявіць, што ён асабіста аддаваў загад запускаць дроны па Польшчы. Гэта зрабіў хтосьці іншы, а ніхто нічога не тлумачыць. Усе робяць выгляд, што "яно само", — упэўнены палітычны аглядальнік.

Чаму так адбываецца? І ці застаецца нешта, што Лукашэнка ўсё яшчэ можа кантраляваць?

— Расія як кантралявала Беларусь і яе паветраную прастору, так і кантралюе — і здольная запускаць любыя сігналы і любыя правакацыі.

Лукашэнка ўсе 30 гадоў падкрэсліваў, што ён не проста партнёр Масквы, а саюзнік. Ён пастаянна казаў, што ў яго ёсць "зброя", якую Расія яму дае — і ядзерная, і любая іншая. Зараз абмяркоўваюць "Арэшнік" — будуць расійскія базы ці не. Але Беларусь ужо публічна паабяцала: калі Расія вырашыць размяшчаць — значыць, будуць. Пры гэтым пытанне палітвязняў — ледзь не адзінае, у якім Лукашэнка сапраўды суверэнны. У астатнім — не, — сцвярджае эксперт.

А ці разумее афіцыйны Мінск, куды вядзе гэты шлях? І ці будзе ён нешта рабіць, каб яго скарэктаваць? Бо эканамічнае становішча толькі пагаршаецца.

— Сёння ў Мінску лепш разумеюць рызыкі. Калі мяжу закрывалі адзін раз, яе могуць закрыць ізноў. Пастаянна тлумачыць тое, што адбываецца, тым, што "нас не любяць", — ужо не працуе.

Галоўная пагроза для рэжыму — санкцыі. Некалькі гадоў яны не ўзмацняліся, але цяпер іх зноў пачынаюць закручваць. Расію ціснуць мацней, Беларусь — таксама. Грошай у Расіі стала менш, каб падтрымліваць Лукашэнку. Апошнія паездкі ў Маскву аптымізму яму дакладна не дадалі.

Беларуская эканоміка малая і залежная. Без ранейшых даходаў ад нафтапрадуктаў і калію яна можа сціскацца далей.

Лукашэнка гэта разумее. Таму ўжо паўтара года паўтарае: "Давайце аднаўляць дыялог, мы ж суседзі". Ён менш паслядоўны, але рызыкі адчувае мацней, чым раней, — сцвярджае эксперт.

Літва адкрыла мяжы, у Мінску адкрываюць шампанскае?

— Што да сённяшняй сітуацыі: у Мінску ніхто не будзе піць шампанскае. Гэта не перамога, а проста "пратрымацца яшчэ дзень". Напішуць справаздачы, хто "спрацаваў добра", хто варты ўзнагарод. Але эканоміцы гэта нічога не дае. Тое, што прыносіла даход — нафтапрадукты і калій, — усё яшчэ ў падвешаным стане, — нагадвае Аркадзь Мошас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.