Беларусь адправіла ў Паўночную Карэю дзясяткі тон мяса — СМІ
Мяса, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У сярэдзіне снежня Беларусь адправіла ў КНДР чыгункай буйную партыю мясных прадуктаў. Гэта былі блокі з ялавічыны, курыныя ножкі, тушонка, субпрадукты. На экспарт пайшлі тавары некалькіх прадпрыемстваў з розных абласцей краіны. Уся партыя заняла некалькі вагонаў, агульная вага вылічалася дзясяткамі тон, а кошт — сотнямі тысяч долараў, піша выданне "Зеркало".
Атрымальнікам прадукцыі, як сведчыць дакумент, якія аказаўся ў распараджэнні рэдакцыі, стала кампанія Korea SongJin Trading Company у Пхеньяне, сталіцы Паўночнай Карэі. Публічнай інфармацыі пра гэтую кампанію амаль няма, у міжнародных санкцыйных спісах яе не знайшлі. Вагоны з Беларусі ішлі ў Паўночную Карэю праз Расію.
Пры гэтым пакупніком у дакументах значыцца польская фірма Zendia. Яе адзіны ўладальнік, як пазначана ў рэестрах, — грамадзянін Беларусі, 52-гадовы Дзмітрый Радзевіч. Раней ён працаваў у транспартнай галіне, як вынікае з афіцыйных баз звестак, прадстаўленых арганізацыяй BELPOL. З 2012 года Радзевіч быў намеснікам дырэктара ў "Белінтэртрансе" — гэтае прадпрыемства ўваходзіць у структуру Беларускай чыгункі і займаецца міжнароднымі перавозкамі. Ад 2018-га ён працаваў у кампаніі "СБ-ТРАНС" як камерцыйны дырэктар. У каментары "Зеркалу" ён заявіў, што да польскай юрыдычнай асобы з просьбай "проста аплаціць" звярнулася беларуская кампанія-партнёр.
Паўночная Карэя знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі Савета Бяспекі ААН з 2006 года — пасля першых выпрабаванняў ядзернай зброі. Аднак прадукты харчавання пад санкцыі не трапляюць. Беларускія ўлады публічна не паведамлялі пра пачатак гандлю харчаваннем з КНДР. Аднак апошнія два гады афіцыйны Мінск актыўна развівае адносіны з Пхеньянам. У ліпені 2024-га ў Паўночнай Карэі пабываў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. У траўні 2025-га ў КНДР ездзіла яшчэ беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм'ерам Юрыем Шулейкам, які курыруе аграпрамысловы комплекс. У кастрычніку таго ж года ў Беларусь прыбыла кіраўніца МЗС КНДР Чве Сон Хі.