Шульман: “З пункту гледжання палітычнага працэсу тое, што робіць Лукашэнка, ураж
Што думаюць у Маскве пра беларуска-амерыканскі перамоўны трэк? / Euroradio
Служба знешняй разведкі Расіі заявіла, што нейкія “заходнія дэмакратызатары” нацэльваюцца на Беларусь. Чаго ім трэба? Паводле расійскай разведкі, гэтыя дэмакратызатары хочуць “аслабіць сувязь Мінска і Масквы”, а ў самой Беларусі здзейсніць каляровую рэвалюцыю.
Падобныя расійскія заявы гучаць на фоне адмовы Аляксандра Лукашэнкі ехаць у Вашынгтон на Савет міру і ягоных запэўненняў у тым, што няма такой сілы, якая зможа адарваць Беларусь ад Расіі.
Што адбываецца ў адносінах Мінска і Масквы ў гэтым месяцы, абмяркоўваем з паліталагіняй Кацярынай Шульман.
“Аляксандр Рыгоравіч дэманструе надзвычайную палітычную эквілібрыстыку”
— Храналогія лютаўскіх падзей такая: 7 лютага Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін паразмаўлялі па тэлефоне, а 9 лютага з’явілася паведамленне прэс-службы Службы знешняй разведкі Расіі пра “заходніх дэмакратызатараў” і іхныя віды на Беларусь. Што гэта ўвогуле за прэс-служба такая, і хто яе аўдыторыя? Што яны хацелі сказаць гэтым мэсэджам?
— Служба знешняй разведкі, нягледзячы на, здавалася б, непублічны характар сваёй дзейнасці, таксама хоча сваю долю грамадскай увагі. Таму ў іх, напрыклад, ёсць часопіс “Разведчык”, які выходзіць рэгулярна. Таксама яны выкарыстоўваюць як платформу ўласны сайт, і ў раздзеле “Публікацыі” можна бачыць заявы прэс-службы СЗР.
Пераважна гэта заявы пра памятныя даты, пра адкрыццё помніка нейкаму герою-разведчыку, але бываюць і даволі загадкавыя паведамленні. Загадкавыя, бо не зусім зразумела, каму яны адрасаваны, і з якой мэтай.
Некалькі месяцаў таму была зроблена даволі шматслоўная заява, у якой гаварылася, што Канстанцінопальскі Патрыярх — гэта на самай справе Антыхрыст у расе. Хто павінен складаць мэтавую аўдыторыю гэтага паведамлення і што яны павінны зрабіць, незразумела.
Гэта значыць, у заяве не сказана, напрыклад, што служба знешняй разведкі пакладзе канец царству Антыхрыста або нешта ў гэтым родзе. Гэта проста разважанні ўслых, якія, відавочна, павінны даць зразумець людзям, што СЗР не дрэмле і назірае ў тым ліку за тым, што ніяк не адносіцца да сферы яе кампетэнцыі. У прыватнасці, за барацьбой Антыхрыста з сіламі дабра.
Дык вось, тон заявы пра Беларусь падобны на заклапочанасць, якая прагучала адносна Канстанцінопальскага Патрыярха. У гэтай заяве гаворыцца, што на Захадзе спадзяюцца аслабіць сувязь Мінска і Масквы ў межах Саюзнай дзяржавы. А далей гаворыцца, што заходнікі (“заходнікі” — гэта характэрнае слова) шукаюць у беларускім грамадстве новых ліберальных пасіянарыяў.
У апошні час, калі расійскім афіцыйным асобам хочацца выкрыць якіх-небудзь “заходнікаў”, яны называюць іх абсалютна выразна — еўрапейцамі. То-бок галоўны вораг — гэта Еўропа. Са студзеня 2025 года па зразумелых прычынах [пасля прыходу да ўлады ў ЗША Дональда Трампа, — Еўрарадыё] Амерыка не можа называцца ворагам.
Але ў гэтай заяве пра Беларусь еўрапейцы не названы напрамую. Ні ўвогуле еўрапейцы, ні англасаксы. Ёсць толькі нейкія “заходнікі”. І тая заклапочанасць, якая выказваецца, не мае ніякага дачынення ні да выбараў 30-га года, ні да ўяўных колерных рэвалюцый. А турбуе Службу знешняй разведкі палітыка ЗША адносна Беларусі.
Відавочна, што спецыяльны прадстаўнік амерыканскай адміністрацыі ў Мінску вядзе актыўную і паспяховую працу па правядзенні сепаратных перамоў і дасягненні сепаратных пагадненняў з беларускім кіраўніцтвам праз галаву Масквы, наогул не заўважаючы ніякую Маскву.
У цэлым, у Мінску заключаюцца свае ўласныя дамоўленасці. І ў адрозненне ад гэтых вось бясконцых размоў пра белага бычка, якія адбываюцца ў трохвугольніку Украіна — ЗША — Расія, беларускі трэк дэманструе вынікі.
Магчыма, ваш кіраўнік значна больш рэалістычны і карыслівы, чым наш. Але, разумееце, у яго і краіна маленькая, і нафта з яе не выпампоўваецца, таму яму трэба неяк круціцца.
І ў гэтым кручэнні яму няма роўных. Мастацтва яго захапляльнае. Калі гэты палітычны цыкл скончыцца, мы ўсе, палітолагі, будзем прасіць, каб яго нікуды не дзелі, а аддалі б нам на эксперыменты. Бо вельмі хочацца паглядзець, як гэта ўсё ўнутры ўладкавана, як так атрымліваецца рабіць.
Разумееце, наш начальнік — прызначэнец, а ваш начальнік — выжывальшчык. Ён, між іншым, адзін з вельмі рэдкіх прадстаўнікоў контрэліты, які змяніў эліты.
Ён не прадстаўнік старой наменклатуры. Ён не першы сакратар, які стаў прэзідэнтам новай незалежнай дзяржавы, як усе кіраўнікі на прасторах СНД. Ён зваліў папярэдняга начальніка і ўседзеў сам, і вось ужо 30 гадоў сядзіць.
Ён сапраўды належыць да іншага палітычнага тыпу, і на вельмі сціплых рэсурсах ён не толькі змог захаваць сваю ўладу, але нават які-ніякі беларускі суверэнітэт.
Так, цяпер гэты суверэнітэт сціскаецца, як шчыгрынавая скура. А што як раптам або некалі Масква аслабне, то вельмі многае атрымаецца хутка вярнуць. Трэба сказаць, што і зараз ваша эліта не замяшчаецца маскоўскімі кадрамі.
Гэта значыць вашы начальнікі, якімі б яны ні былі людаедамі, а многія з іх сапраўдныя людаеды, усё яшчэ застаюцца вашымі начальнікамі, то-бок яны мясцовыя. У вас не адбылося вымывання кіруючага класа праз “варагаў”. Ці гэта ён сам за гэтым сачыць, ці гэта калектыўны розум эліты, якая не хоча быць замененай? Але ваш кіруючы клас — гэта ваш уласны мясцовы кіруючы клас.
Цяпер вы бачыце ў гэтым надзвычай мала радасці, бо гэта людзі, якія эфектыўна тыраняць сваіх суайчыннікаў. Але для будучыні гэта важна, бо інакш Масква магла б рэалізаваць паўзучы аншлюс.
Зрабіць тое, што яна зрабіла ў расійскіх рэгіёнах, у суб’ектах федэрацыі, замяніўшы рэгіянальныя эліты. Але гэтага, наколькі я ведаю, не адбываецца.
— Аддаць на эксперыменты нашага эквілібрыста немагчыма, але давайце прааналізуем шэраг яго выказванняў. Першае, непрамое — гэта адмовіцца ад паездкі ў Вашынгтон, куды ён, відаць, вельмі хацеў паехаць. Лукашэнка быў адным з першых, хто падтрымаў Трампа ў стварэнні Савета міру. І тут прыходзіць запрашэнне — а ён адмаўляецца ехаць асабіста, і робіць гэта неўзабаве пасля тэлефоннай размовы з Пуціным. Пасля гэтага ён вымушаны апраўдвацца перад Глазьевым, дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы, і казаць, што няма такой сілы, якая можа адарваць Беларусь ад Расіі. А на наступны дзень упершыню за доўгі час ён сказаў прама, што на яго ціснуць і з захаду, і з усходу — хай і эканамічна, а не палітычна. Ці звязаны гэтыя выказванні?
— Ну, відавочна, не ўдалося прадаць Маскве ідэю “я за вас у Вашынгтон з’езджу”. Відавочна, Масква не купіла гэтую выдатную думку. Боязь сепаратных перамоў, відаць, пераважыла ўсё астатняе.
Аляксандр Рыгоравіч вялікі майстар разлічвацца з Крамлём сімвалічнымі ўступкамі, словамі. На шчасце, расійская ўлада, у сэрцы якой глыбокі комплекс непаўнавартаснасці, вельмі ласая на салодкія словы. Яна гэта называе павагай.
Вось не проста за шкляныя пацеркі, а за звон шкляных пацерак гатовы прадаць вельмі многае. Газ бясплатна пастаўляць за словы любові — колькі заўгодна. Масква любіць вушамі.
Ну і вяртаемся да ўжо выказанай думкі: беларускаму лідару ёсць што прапанаваць. А на што выменьваць расійскіх дзеячаў, не зусім ясна.
Што тычыцца маральнага боку пытання — так, справядліва, аўтарытарны рэжым можа нахапаць любую колькасць зняволеных. Але давайце адкладзем у бок этычныя разважанні і паглядзім выключна на абменную цану гэтага актыву.
Пасадзіць людзей можна, але нельга зрабіць іх вядомымі хутка. Не ўсе зняволеныя аднолькава карысныя ў гэтым абменным працэсе. Так, гэта гандаль людзьмі, і ў кожнага чалавека свая цана. Гэта жахліва, але гэта так.
Марыя Калеснікава — зорка, іншую такую зорку не створыш, бо гэтыя зоркі выраслі на зіхатлівым небасхіле рэвалюцыі 20-га года. Гэта была маштабная гістарычная падзея, да якой былі прыкаваны погляды ўсяго свету.
На гэтым небасхіле нарадзіліся яркія гераічныя фігуры, на якія цяпер глядзіць увесь свет. Іх потым можна будзе абмяняць на вялікую дозу “Аземпіка”. Калі арыштаваць, прашу прабачэння, тысячу ноунэймаў, то трэба будзе яшчэ патраціць час, ствараючы ім publicity [вядомасць, — Еўрарадыё], каб потым прадаць іх вызваленне заходняму грамадскаму меркаванню.
Яшчэ раз прашу прабачэння за крайне, я б сказала, жывёлагадоўчую логіку, якую я вам выкладаю, але гэта логіка аўтакратаў. Калі мы яе не зразумеем, то мы не зразумеем ні іх дзеянняў, ні іх матываў.
Можна, канешне, зрабіць зусім цынічна, можна ўзяць якіх-небудзь людзей, якіх будзе максімальна шкада — няпоўнагадовых, хворых, — і пачаць паказальна іх мучыць. Такім чынам хутка з’явіцца неабходная вядомасць. Але і гэта патрабуе некаторай публічнасці.
У расійскіх турмах сядзяць людзі, вядомыя ў свеце, за іх можна гандлявацца. Але бяда ў тым, што нашы лічаць, што ім увогуле гандлявацца не трэба, у іх і так усё добра. Спойлер: яны памыляюцца.
Магчыма, цьмянае разуменне гэтага прасочваецца ў іх мазгі, з’яўляецца нейкая заклапочанасць з расійскага боку тым, каб нешта выгандляваць да восені — да лістападаўскіх выбараў у Амерыцы і да парламенцкіх выбараў у Расіі.
Мне здаецца, пра гэта могуць думаць унутрыпалітычныя менеджары: як было б слаўна перад выбарамі падарыць народу перамогу, перабіўшы дэпрэсіўныя грамадскія настроі наконт бясконцай вайны, павелічэння страт, інфляцыі, адключэння звыклых сэрвісаў, росту бытавой злачыннасці.
Я думаю, што гэтыя менеджары цудоўна ведаюць, што да дэталяў гэтай перамогі ніхто не будзе прыглядацца, расійскае грамадства праглыне любую версію заканчэння СВА. Грамадства будзе ахоплена эйфарыяй. Яна будзе кароткай, але на хвалі гэтай эйфарыі можна паспяшацца правесці выбары.
Але тое, што я вам выкладаю, гэта логіка ўнутрыпалітычных менеджараў. Яны не прымаюць знешнепалітычных рашэнняў. Той, хто іх прымае, магчыма, ужо далёкі ад такога роду зямных разважанняў.
— А як цяпер расіяне ўспрымаюць Беларусь? Што змянілася ў гэтым успрыманні, ды і ці змянілася?
— Па якіх прыкметах мы можам судзіць аб гэтым? Мы можам судзіць, напрыклад, па апытаннях, мэтай якіх з’яўляецца высвятленне, якія краіны расіянам падаюцца дружалюбнымі. Беларусь у лідарах гэтага не вельмі доўгага спіса сяброў Расіі. Гэта тое, што мы ведаем дакладна.
Парадаксальным чынам цяпер Беларусь пачынае ўспрымацца як тэрыторыя лічбавай свабоды. Нічога не заблакіравана, усё працуе. Падрабязнасцей расіяне не ведаюць. Фэйсбук можна адкрыць, Ютуб — таксама, нават Інстаграмчык. Усё ёсць.
Адзін знаёмы блогер патрыятычнай накіраванасці наогул сказаў мне — вангую міграцыю ў Мінск. Горад чысты, недарагі, інтэрнэт лётае, няма страшнага Раскамнагляду.
Што страшнага ў нас там ёсць, ён проста не ведае. То-бок па цэлым шэрагу параметраў, важных для дэпалітызаванага спажыўца, Беларусь цяпер выглядае свабаднейшай за Расію. Вось да чаго дажылі, што тут можна сказаць.
Але гэта выпадковыя сведчанні, нейкія асобныя меркаванні, якія мне трапіліся на вочы. А якое абагульненае расійскае грамадскае меркаванне — гэта трэба ўсё ж такі па апытаннях глядзець, а іх у нас, на жаль, мала.