Памёр савецкі гісторык-дысідэнт, які хваліў рэжым Лукашэнкі
Рой Мядзведзеў / ria.ru
Ва ўзросце 100 гадоў памёр расійскі гісторык і публіцыст Рой Мядзведзеў. Паводле папярэдняй інфармацыі, апублікаванай у СМІ, ён памёр ад сардэчнай недастатковасці. Дакладную прычыну вызначыць ускрыццё.
У савецкі час Рой Мядзведзеў быў дысідэнтам, пісаў пра сталінскія рэпрэсіі, яго выключалі з КПСС. Апошнія гады ён хваліў Уладзіміра Пуціна.
У Беларусі ён вядомы кнігай "Аляксандр Лукашэнка: феномен беларускай мадэлі", якая выйшла ў сярэдзіне 2010 года. У гэтай кнізе Мядзведзеў усхваляе Лукашэнку і абураецца тым, што таго называюць "апошнім дыктатарам Еўропы". На яго думку, палітыку Лукашэнкі крытыкавалі за тое, што Беларусь "пазіцыянуе сябе як сацыялістычная краіна".