Трое маленькіх дзяцей загінулі ад расійскага дрона ў Харкаўскай вобласці
Наступствы расійскага ўдару на Харкаўшчыне / ДСНС Харкаўскай вобласці
У ноч на 11 лютага расійскі дрон пацэліў у прыватны дом у горадзе Багадухаве Харкаўскай вобласці.
У доме пачаўся пажар. Спачатку паведамлялі, што ратавальнікі шукалі пад заваламі 34-гадовага мужчыну і траіх дзяцей — двухгадовую дзяўчынку і двух аднагадовых хлопчыкаў. Пазней стала вядома, што ўсе чацвёра загінулі ад удару і траўмаў, перадае hromadske.ua.
Пацярпелі 35-гадовая цяжарная жанчына і 74-гадовая жанчына.
Таксама расійскія войскі атакавалі Запарожжа і Запарожскую вобласць. У Запарожжы, як паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў, пацэлілі па аб'екце інфраструктуры. У выніку без электрычнасці засталіся больш за 11 тысяч абанентаў у двух раёнах горада.
"Аднаўленне цяпла можа быць вельмі складаным і доўгім, асабліва ў адным з раёнаў горада", — адзначыў Фёдараў. Ён дадаў, што ў Камунарскім раёне Запарожжа ставяць дадатковыя "пункты нязломнасці".