Экс-функцыянера БРСМ залічылі ў "тэрарысты"

Сяргей Пахомаў

Сяргей Пахомаў / lidanews.by

Паводле палітычнага артыкула арыштавалі былога кіраўніка БРСМ з Іўя Сяргея Пахомава. Раней ён уваходзіў у рэзервы кадраў райвыканкама, а цяпер знаходзіцца за кратамі, заўважыла "Наша Ніва".

Сяргей Пахомаў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Казахстане, але вырас у Беларусі. У 2013 годзе ён скончыў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, працаваў настаўнікам гісторыі ў школе ў Жамыслаўлі. Неўзабаве ён узначаліў Іўеўскі раённы камітэт БРСМ, даваў інтэрв'ю дзяржСМІ, у якіх хваліў беларускую стабільнасць.

Пасля 2017‑га Пахомаў пакінуў адукацыю. У лютым 2025-га зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, асноўным відам дзейнасці пазначыў дахавыя работы.

А нядаўна стала вядома, што 37‑гадовы мужчына знаходзіцца ў СІЗА. Яго вінавацяць паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса ("Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці"). Хаця прысуд Пахомаву яшчэ не вынеслі, але КДБ ужо ўключыў яго ў спіс "тэрарыстаў".

Як мяркуе "НН", падставай для крымінальнага пераследу маглі стаць каментары ў Тэлеграме з неабароненага акаўнту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.