За "палітыку" асудзілі маладую фатографку з Баранавічаў

Паліна Верамяйчук

Паліна Верамяйчук / фота з яе старонкі Вконтакте

Прысуд паводле палітычных матываў атрымала 27-гадовая фатографка Паліна Верамяйчук. Дзяўчына родам з аграгарадка Сталовічы Баранавіцкага раёна, піша "Наша Ніва".

Верамяйчук скончыла факультэт фінансаў і банкаўскай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, атрымала спецыяльнасць фінансіста. Але жыццё звязала з творчасцю. Дзяўчына вядомая як фатографка, яна здымала ў Баранавічах і Мінску.

Вядома, што ў яе ёсць муж і зусім маленькае дзіця, народжанае ў ліпені 2025 года.

Калі менавіта да Верамяйчук прыйшлі сілавікі, дакладна невядома. Таксама невядома, ці была яна да суда пад вартай.

Ёй інкрымінавалі "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" і асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе на "хатнюю хімію". Хутчэй за ўсё, пераслед звязаны са "справай Гаюна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.