Візіт Ціханоўскай у Кіеў можа адбыцца пры канцы лютага ці сакавіку
Уладзімір Зяленскі і Святлана Ціханоўская / tsikhanouskaya.org
Візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў па запрашэнні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага можа адбыцца пры канцы лютага ці на пачатку сакавіку. Такія тэрміны абмяркоўваюцца з украінскім бокам, расказала лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў.
"Цяпер мы абмяркоўваем гэта з украінскім бокам, спадзяюся, што гэта будзе ў лютым ці сакавіку. Магчыма, пры канцы лютага — пачатку сакавіка", — перадае "РБК-Украіна" яе словы.
Ціханоўская выказала надзею, што падчас візіту ўдасца пакласці "пачатак стратэгічных кансультацый паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Украіны, таму што сітуацыя ў рэгіёне будзе мяняцца".
Таксама яна выказала ўпэўненасць, што ў інтарэсах Украіны, каб Беларусь была свабоднай, дэмакратычнай дзяржавай без Лукашэнкі і Пуціна.
Пры канцы студзеня ў Вільні адбылася першая асабістая сустрэча Ціханоўскай і Зяленскага. Тады ж прэзідэнт Украіны запрасіў лідарку дэмакратычных сілаў Беларусі наведаць Кіеў.