У баях за Украіну загінуў яшчэ адзін добраахвотнік з Беларусі

Беларускі добраахвотнік "Месяц"

Беларускі добраахвотнік "Месяц" / 13-я брыгада Нацыянальнай гвардыі Украіны "Хартыя"

У баях за Украіну загінуў грамадзянін Беларусі. Пад пазыўным "Месяц" ён служыў у 13-й брыгадзе Нацыянальнай гвардыі Украіны "Хартыя", а перад тым — у палку імя Кастуся Каліноўскага.

У брыгадзе не назвалі дату ягонай гібелі. Імаверна, беларус мог загінуць у кастрычніку ці лістападзе 2025 года, заўважыла Радыё Свабода. Тады апублікавалі фільм пра беларусаў, якія ваююць на перадавой лініі фронту ў Харкаўскай вобласці. Праз пяць дзён пасля інтэрв'ю добраахвотнік загінуў.

Паведамляецца, што "Месяц" пачынаў служыць медыкам у палку Каліноўскага, а летам 2024-га перавёўся ў брыгаду "Хартыя", дзе быў і медыкам, і сапёрам, і мінамётчыкам.

У інтэрв'ю ён расказваў, што прыехаў ва Украіну ў канцы 2022 года. У Беларусі яго арыштоўвалі за ўдзел у акцыі пратэсту на Дзень Волі. "Мяне, напрыклад, арыштавалі на 30 сутак за бел-чырвона-белую футболку. Традыцыйны сцяг Беларусі — бел-чырвона-белы, і я выйшаў у такой футболцы на Дзень Волі", — згадваў хлопец.

Ва Украіне беларускі добраахвотнік пазнаёміўся з кітаянкай: яна дапамагала Замежнаму легіёну ў якасці валанцёркі. Яны пабраліся шлюбам, у пары нарадзілася дзіця.

З 2014 года ва Украіне змаганні супраць Расіі загінула больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.