У моўны скандал у Літве трапіла беларуска — работніца супермаркета

Аркадзіюс Вінакурас і Norfa

Аркадзіюс Вінакурас і Norfa / калаж Delfi

Беларуска ў Вільні трапіла ў моўны скандал. Літоўскі журналіст і пісьменнік Аркадзь Вінакурас напісаў у сацсетках, што работніца крамы ў размове з ім абразліва адгукнулася пра Літву.

Літовец паведаміў, што ў краме Norfа спытаўся ў супрацоўніцы, дзе ляжыць патрэбны яму тавар.

"Яна мне адказала па-руску: "Там і там". Я спытаў, ці гаворыць яна па-літоўску, яна адказала па-літоўску: "Калі я размаўляю па-літоўску, мне баліць галава". Я папрасіў яе паўтарыць, яна гэта зрабіла. Я прапанаваў ёй вярнуцца ў Расію — можа, там галаўныя болі сціхнуць. Адказала: "... гэтая сраная Літва" — па-руску", — апісаў сітуацыю Вінакурас.

Мужчына кажа, што "ветліва, без шуму, паслаў услед за рускім караблём" і звярнуўся да прэс-сакратара Norfа.

У каментары Delfi прэс-сакратар літоўскай сеткі супермаркетаў Norfа Дарус Рылішкіс растлумачыў, што згаданая работніца — прыбіральшчыца, грамадзянка Беларусі. Яна не абавязаная размаўляць з кліентамі і не з'яўляецца персаналам, які абавязаны валодаць літоўскай мовай.

"Што тычыцца самога інцыдэнту, сведак няма, мы не ведаем, што было насамрэч. Жанчына бажыцца, што нічога такога не казала. Наадварот, сказала, што Аркадзіюс груба з ёй кантактаваў, паказанні супярэчаць, можна так сказаць", — разводзіць рукамі прэс-сакратар.

На пытанне, ці можна пазбегнуць такіх сітуацый, Рылішкіс адказаў: адзінае выйсце — не прымаць на працу тых, хто не гаворыць па-літоўску. "Аднак палітыка дзяржавы іншая. Трэба, значыць, мяняць палітыку дзяржавы", — дадаў ён.

Летась у моўны скандал трапіў беларускі блогер Андрэй Павук, які пражывае ў Літве пяць гадоў і працаваў кіроўцам тралейбуса ў Вільні. Пасля таго, як ён апублікаваў у сацсетках сваю моўную сварку з дыспетчарам, яго звольнілі з працы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.