Літва будзе паведамляць Беларусі пра выяўленых кантрабандыстаў

Кантрабандысцкі метэазонд

Кантрабандысцкі метэазонд / vsat.lrv.lt

Літва будзе перадаваць Беларусі звесткі пра людзей у нашай краіне, падазраваных у кантрабандзе цыгарэт. Пра гэта заявіў літоўскі міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.

"Доказы, калі такія ёсць, будуць перададзеныя — паглядзім, як адрэагуе беларускі бок. Можна толькі будаваць здагадкі. Гэтыя заявы беларускага рэжыму пра тое, што яны паклапоцяцца, калі літоўцы там паклапоцяцца пра гэта — мы паклапаціліся пра гэта, у нас ёсць факты, у нас ёсць вынікі", перадае LRT словы Кандратовіча.

Намеснік генеральнага камісара паліцыі Марус Драўдвіла паведаміў, што цяпер праваахоўнікі маюць даныя, што кантрабандай займаюцца як літоўскія, так і беларускія злачынныя групоўкі. Пасля збору дастатковых доказаў злачыннай дзейнасці беларускіх грамадзян, кажа прадстаўнік паліцыі, іх варта прызнаць падазраванымі і звярнуцца ў Інтэрпал для абвяшчэння ў вышук.

На гэтым тыдні літоўскія праваахоўнікі правялі буйную аперацыю супраць кантрабандыстаў і арганізатараў. У выніку яе пяць чалавек былі арыштаваныя, а агулам абвінавачанні былі выстаўленыя 28 асобам.

Кантрабандысцкія метэазонды з цыгарэтамі, якія ляцяць з Беларусі, літоўскі бок лічыць часткай гібрыднай агрэсіі. Яны неаднойчы парушалі працу Віленскага аэрапорта, размешчанага недалёка ад мяжы. Апошні інцыдэнт адбыўся 27 студзеня: аэрапорт зачынялі тройчы за вечар, гэта закранула 1700 пасажыраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.