У Маскве спрабавалі расстраляць намесніка начальніка ГРУ
Уладзімір Аляксееў / РБК
У Маскве невядомы чалавек некалькі разоў стрэліў у спіну генерал-лейтэнанту Мінабароны РФ Уладзіміру Аляксееву.
Як піша "Новая газета Европа", напад адбыўся ў жылым доме на Валакаламскай шашы. Пасля замаху генерала шпіталізавалі. Аднак не паведамляецца, у якім ён знаходзіцца стане.
Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал Mash удакладняе, што напад адбыўся ў ліфтавым холе а сёмай гадзіне раніцы.
Уладзімір Аляксееў з 2011 года з'яўляецца першым намеснікам начальніка Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генштаба Узброеных Сіл РФ. У Вялікабрытаніі яго вінавацяць у датычнасці да замаху на Сяргея Скрыпаля ў Солсберы. Таксама Аляксееў удзельнічаў у перамовах з ПВК "Вагнер" падчас бунту Прыгожына.