За пяць гадоў у дзіцячых садках Беларусі дзяцей стала менш на чвэрць
Дзіцячая цацка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У 2025 годзе ў беларускіх дзіцячых садках, згодна з Белстатам, колькасць выхаванцаў склала 321 тысячу чалавек. Гэта на чвэрць менш, чым было ў 2020 годзе — 424 тысячы чалавек. Такім чынам, за пяць гадоў колькасць выхаванцаў скарацілася на 100 тысяч, заўважыла выданне thinktanks.pro.
Толькі за мінулы год колькасць дзяцей у садках у параўнанні з 2024-м скарацілася на 17,3 тысячы чалавек.
Таксама значна знізілася і нагрузка на дзіцячыя сады. Так, у 2020-м на 100 месцаў прыпадала 110 дзяцей дашкольнага ўзросту, а цяпер – толькі 98 дзяцей. Толькі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях колькасць дзяцей па-ранейшаму перавышае колькасць месцаў у дзіцячых садках — 101 дзіця на 100 месцаў. А, напрыклад, у Мінску — толькі 97 дзяцей на 100 месцаў.
За мінулы год колькасць дзіцячых садкоў скарацілася на 68 адзінак — іх стала 3653. Закрыліся пераважна ўстановы ў сельскай мясцовасці. У Мінску ж за пяць гадоў колькасць садкоў павялічылася на 12 штук.
Паменшаў і лік выхавальнікаў. Летась іх было 54,3 тысячы чалавек. Гэта на 790 педагогаў менш, чым у 2024 годзе.