Беларусу адмовілі ў польскім грамадзянстве за адзін дробны штраф

Польскі пашпарт 

Польскі пашпарт  / Shutterstock/PaulSat

Грамадзяніну Беларусі адмовілі ў польскім грамадзянстве, хаця ён жыве ў Польшчы восем гадоў на падставе дазволу на ПМЖ, які ён атрымаў па карце паляка. Прычынай стаў невялікі штраф.

Інфармацыя пра адмову з'явілася ў адным з чатаў, прысвечаных атрыманню польскага грамадзянства, заўважыла Польскае радыё. У адказе ад імя мазавецкага ваяводы гаворыцца, што падчас праверкі было выяўлена, што беларуса аштрафавалі на 200 злотых (каля 160 беларускіх рублёў) за парушэнне ПДР. Аштрафаваны беларус быў 17 жніўня 2021 года, а ўжо 19 жніўня ён гэты штраф аплаціў.

Тым не менш, яго дзеянні былі ацэненыя як прыклад ігнаравання польскага заканадаўства. "Штраф, якім быў пакараны іншаземец, сведчыць пра тое, што замежнік не паважае і не прытрымліваецца польскага заканадаўства", — гаворыцца ў адказе.

Невялікая сума пакарання на фоне вельмі высокіх штрафаў за парушэнне ПДР у Польшчы сведчыць пра тое, што гэта хутчэй за ўсё дробнае правапарушэнне, адзначае Польскае радыё.

Замежных грамадзян, якія падаюць дакументы на атрыманне польскага пашпарта, цяпер правяраюць самыя розныя ведамствы. Акрамя Агенцтва ўнутранай бяспекі, паліцыі і памежнай службы запыты таксама накіроўваюцца ў падатковую інспекцыю, транспартную інспекцыю і муніцыпальную паліцыю.

Беларусу адмовілі ў польскім грамадзянстве за адзін дробны штраф
Адмова, якую атрымаў беларус

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.