Польскі супрацоўнік Мінабароны, падазраваны ў шпіянажы, ездзіў у Беларусь

Міністэрства абароны Польшчы

Міністэрства абароны Польшчы / PAP

Супрацоўнік Мінабароны Польшчы, якога падазраюць у шпіянажы, выязджаў у Беларусь. Пра гэта паведамляе польскае Radio Zet. Цяпер мужчыну на тры месяцы арыштаваў суд.

Пра затрыманне чыноўніка Мінабароны Польшчы стала вядома 3 лютага. Яго падазраюць у супрацы са спецслужбамі адной з дзяржаў "усходняга кірунку".

У Мінабароны падазраваны адпрацаваў 30 гадоў. Паводле неафіцыйных звестак СМІ, ён быў супрацоўнікам Дэпартамента стратэгіі і абароннага планавання. Намеснік міністра абароны Цэзары Томчык удакладніў, што гаворка ідзе пра грамадзянскага супрацоўніка ведамства. Ён сярод іншага вёў рэестр аб'ектаў, якія маюць асаблівае значэнне для бяспекі.

У апошнія месяцы перад арыштам дзеянні чыноўніка цалкам кантралявала Служба вайсковай контрразведкі.

Журналісты даведаліся, што ён выязджаў у Беларусь і пэўны час не мог вярнуцца на радзіму, бо межы былі закрытыя.

Польшча цалкам  перакрывала мяжу з Беларуссю ў верасні 2025 года ў сувязі з беларуска-расійскімі вайсковымі вучэннямі "Захад-2025" і інцыдэнтамі з беспілотнікамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.