Шпіёнка КДБ ва Украіне для вярбоўкі выкарыстоўвала секс — ТСН
Іна Кардаш / lookby.media
Агентка КДБ Іна Кардаш, выкрытая ўкраінскімі спецслужбамі, выкарыстоўвала секс для вярбоўкі камандзіра баявога падраздзялення. Пра гэта паведамляе ў сваім сюжэце ТСН.
У 2016 годзе на пасяджэнні Трохбаковай кантактнай групы ў Мінску журналістку Іну Кардаш пазнаёмілі з кіраўніком вядучага інфармацыйнага агенцтва Украіны. У СМІ мяркуюць, што гаворка ідзе пра кіраўніка інфармацыйнага агенцтва "Інтэрфакс-Украіна" Аляксандра Мартыненку, які памёр у 2024 годзе.
Ёй было 25, яму — 55. Кардаш прадставілі як апазіцыйную журналістку. Яна пачала супрацу з украінскімі СМІ, расказвала пра жыццё ў Мінску. У 2020-м асвятляла пратэсты супраць Лукашэнкі. А потым перабралася ва Украіну пад нагодай небяспекі на радзіме.
Яна атрымала працу ў вядучым інфармагенцтве, уласнага кіроўцу. Беларуска жыве ў асобным доме і ў рэдакцыі працуе ў кабінеце кіраўніка. Калегі кажуць, што часам не маглі звярнуцца да яго па параду ў чымсьці, бо яна заўсёды была побач і заўсёды ўсё выслухоўвала. Іна рэгулярна сустракаецца з кіраўніцтвам краіны на неафіцыйных сустрэчах, а таксама з дыпламатамі. Яе ўвага да кітайскіх дыпламатаў прыцягвае ўвагу супрацоўнікаў Дэпартамента абароны нацыянальнай дзяржаўнасці СБУ. Так спецслужбы раскрываюць шпіёнку.
Паведамляецца, што КДБ Беларусі выслаў Кардаш значную суму грошай на куплю ўласнага дома ў Кіеве і даручыў інтэгравацца ў Міжнародны легіён. Там яна мусіла збіраць інфармацыю пра яго байцоў. На іх планавалася ціснуць праз сваякоў, якія засталіся ў Беларусі і Расіі. Таксама спецслужбы хацелі выявіць каналы, праз якія людзей эвакуююць з РФ.
Беларуска спакусіла камандзіра баявога падраздзялення, які правёў некалькі гадоў на перадавой. Ён закахаўся ў дзяўчыну, а яна ў перапісцы з куратарам называла яго не інакш як "мой лох".
На апошнім этапе Іне даручылі інтэгравацца ў кітайскую амбасаду і даведацца ўсё пра ўкраінска-кітайскія адносіны. КДБ падрабязна інструктаваў яе, як і да каго звяртацца, пра што пытацца. А канчатковым планам Іны Кардаш было ўладкавацца на працу ў Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны. Супрацоўнікі СБУ пачалі аператыўную гульню з агенткай, каб дэзінфармаваць беларускія спецслужбы.
Пра арышт Іны Кардаш украінскія спецслужбы паведамілі 27 студзеня. Яны заявілі, што жанчына 10 гадоў была агенткай КДБ. У апублікаваных запісах размоваў куратар пераконваў, што рашэнне пра яе працу прымалася на ўзроўні Лукашэнкі.