У Віцебску вырашылі не рамантаваць школу, дзе абвалілася бэлька

Віцебская школа №10

Віцебская школа №10 / yandex.net

Гарадскія ўлады Віцебска адмовіліся рамантаваць школу, якая аказалася ў аварыйным стане. Замест гэтага будынак вырашылі прадаць, піша тг-канал "Витебск, я гуляю".

Інцыдэнт здарыўся ў лістападзе 2024 года. У актавай зале школы №10 абрынулася кроквенная бэлька. На шчасце, у памяшканні нікога не было.

Аб праблемах з дахам адміністрацыя ведала яшчэ на пачатку навучальнага года. У верасні 2024-га школа заказвала абследаванне будаўнічых канструкцый за 8 тысяч рублёў. У кастрычніку-лістападзе планаваўся бягучы рамонт кроквеннай сістэмы, але яго так і не пачалі, а потым абвалілася бэлька. Чыноўнікі экстрана прызначылі новае абследаванне, якое каштавала 36,8 тысячы рублёў. Высновы: школе патрэбны капрамонт. Сам будынак быў узведзены ў 1937 годзе.

Узімку 2025-га гарадскія ўлады заказалі перадынвестыцыйны праект рамонту.

А нядаўна ў сацсетках адна з мацярок напісала, што ў снежні 2025 года на бацькоўскім сходзе ім сказалі, што горад будзе выстаўляць будынак школы на продаж.

Дарэчы, школа мела спартыўную спецыялізацыю. Цяпер школьнікі-спартоўцы раскіданыя па розных раёнах горада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.