Кіраўнік МУС РБ загадаў прыняць меры пасля нападу ў падмаскоўнай школе
Міліцыя, ілюстрацыйнае фота / БелТА
У беларускіх школах прымуць дадатковыя меры бяспекі. Адпаведнае ўказанне даў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў пасля нападу ў падмаскоўнай школе.
Начальніку Дэпартамента аховы МУС міністр загадаў узмацніць пільнасць аховы ў школах і пракантраляваць спраўнасць тэхнічных сродкаў абароны. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на неабходнасць імгненнага рэагавання нарадаў пры паступленні сігналаў трывогі.
Начальніку Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС даручана правесці інструктажы з адміністрацыямі школ па дзеяннях у надзвычайных сітуацыях. Супрацоўнікам інспекцый па справах непаўналетніх даручана правесці індывідуальную працу з навучэнцамі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку.
У МУС паведамілі, што за распаўсюд ілжывай інфармацыі пра небяспеку ўжо затрыманыя тры чалавекі.
У падмаскоўнай школе пасёлка Горкі-2 16 снежня 15-гадовы падлетак распыліў пярцовы балончык, а потым ударыў нажом ахоўніка і вучня чацвёртага класа. Дзіця ад атрыманых ран памерла. Паведамляецца, што перад нападам хлопец пытаўся ў школьнікаў пра іх нацыянальнасць. Загінулы хлопчык — сын таджыкскіх мігрантаў.