Магільнік ядзерных адходаў БелАЭС хочуць пабудаваць побач з украінскай мяжой
Вёска Навасёлкі / Флагшток
Сховішча ядзерных адходаў БелАЭС хочуць пабудаваць побач з вёскай Навасёлкі, якая знаходзіцца блізка да мяжы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, але не ўваходзіць у яго склад, паведамляе "Флагшток".
Раней улады называлі тры варыянты: тэрыторыю побач з БелАЭС у Астраўцы (Гродзенская вобласць), участкі ў Магілёўскай вобласці і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Аказалася, гэта няпраўда. Адходы будуць звозіць у вёску Навасёлкі, якая не ўваходзіць у Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, а знаходзіцца паблізу яго мяжы. Вёска размешчаная ўсяго за 7 кіламетраў ад Хойнікаў і за 35 км ад мяжы з Украінай.
Інфармацыю пра дакладнае месца верагоднага будаўніцтва палігона для часовага захоўвання і ўтылізацыі радыёактыўных адходаў "Флагшток" знайшоў у газеце Хойніцкага райвыканкама "Хойніцкія навіны" ў справаздачы аб грамадскім абмеркаванні з загалоўкам "Пытанне стратэгічнай важнасці — пра бяспечную заўтра".
З мясцовымі жыхарамі сустрэліся дырэктар Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі Дзмітрый Лагвін і начальніца аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Ешчанка.
Грамадзянам паведамілі, што першая чарга будаўніцтва пункта пахавання і перапрацоўкі радыеактыўных адходаў будзе рэалізаваная ўжо да 2030 года, "а значыць, пачатак гэтых работ — пытанне года-двух".
"У цэлым сказаць, што мы дакладна вызначыліся з межамі, з участкамі, з пляцоўкамі, нельга. Гэта вельмі скрупулёзная праца, яна вельмі доўгатэрміновая", — заявіў Дзмітрый Лагвін.
Ён таксама "прапанаваў прысутным сур’ёзна падумаць, перш чым выносіць такое важнае рашэнне — ад сябе ж паабяцаў вярнуцца, каб больш падрабязна і прадметна пагаварыць". Меркаванні мясцовых жыхароў газета не прывяла.
Раней паведамлялася, што для будаўніцтва пункта спатрэбіцца плошча прыкладна 1 кв. км.