Беларусь можа сама пабудаваць трэці энергаблок БелАЭС на 85-90% — Лукашэнка

Беларуская АЭС

Беларуская АЭС

Беларускія спецыялісты могуць самі на 85-90% пабудаваць трэці энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі. Пры гэтым асноўныя элементы плануецца ўзяць у Расіі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 лістапада на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Юрыем Слюсарам.

Лукашэнка паведаміў, што ён абмяркоўваў з расійскай кампаніяй "Расатам" будаўніцтва новай атамнай станцыі.

"Вырашылі, што трэці блок пабудуем і будзем весці дыялог па будаўніцтве другой атамнай станцыі — зноў жа на ўсходзе", — перадае БЕЛТА ягоныя словы.

Паводле Лукашэнкі, ён ужо абмяркоўваў гэтае пытанне з Пуціным у тэлефоннай размове 15 лістапада. Тады яны дамовіліся працягнуць абмеркаванне. Лукашэнка падкрэсліў, быццам Пуцін не адпрэчвае гэтую ідэю: "Адчуваю, ведаю ягоную падтрымку. У кіраўніка "Расатама" абсалютная падтрымка. Вядома, яны ў гэтым зацікаўленыя. Тым больш што мы гатовыя самі адсоткаў на 85-90 пабудаваць гэтую станцыю. Ну, а інжынірынгі, рэактар — гэта расіяне. Асноўныя гэтыя элементы мы возьмем у Расіі, усё астатняе мы ўмеем рабіць".

14 лістапада Лукашэнка праводзіў нараду па выніках працы Беларускай АЭС. На ёй было прынятае рашэнне будаваць трэці энергаблок АЭС у Астраўцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.