Мінздраў прызнаў затапленне Віцебскай БХМД пасля публікацыі “Белых халатаў”

13 лютага з’явілася інфармацыя, 14 лютага ведамства адрэагавала

13 лютага з’явілася інфармацыя, 14 лютага ведамства адрэагавала / vgkbsmp.by

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у Віцебскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі практычна ліквідаваны ўсе наступствы інцыдэнту, падчас якога ў аперацыйны блок і шэраг іншых аддзяленняў бальніцы працякла гарачая вада з пашкоджанай трубы.

Пацярпелых у выніку інцыдэнту не было — у гэты час аператыўныя ўмяшанні ў аперацыйным блоку не праводзіліся.

Ведамства запэўнівае, што медыцынскае абсталяванне, якое знаходзілася ў гэтых памяшканнях, не пацярпела (яно было накрыта воданепранікальным матэрыялам і вывезена ў сухія памяшканні). У выніку працякання вады было часткова пашкоджана гіпсакардоннае столевае пакрыццё.

Нагадаем, што, паводле інфармацыі "Белых халатаў2, пасля таго як вада пачала вылівацца, на працягу некалькіх гадзін не ўдавалася знайсці месца прарыву і прадухіліць аварыю. Частка дарагога абсталявання не падлягае аднаўленню, у тым ліку лапараскапічныя стойкі і апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, рэнтгенаўскае абсталяванне, а таксама частка запасаў пратэзаў.

Чакаецца, што 16 лютага на месца прыедзе з інспекцыяй Ірына Абельская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.