Ці не рызыкоўна цяпер беларусам інвеставаць у золата і нерухомасць?

Інвестыцыі ў нерухомасць?

Інвестыцыі ў нерухомасць? / LookByMedia

Эканамістка Анастасія Лузгіна ў эфіры Еўрарадыё разважае пра інвестыцыі ў золата і нерухомасць. Наколькі яны рызыкоўныя і ці прынясуць даход беларусам, якія шукаюць спосабы захаваць і прымножыць свае зберажэнні?

— Што да золата, то сапраўды — яно ў нас рэзка пайшло ўверх. Золата — гэта актыў, у які ўкладаюцца ў перыяды турбулентнасці на сусветных рынках, калі праяўляюцца крызісныя з’явы.

У 2024 і 2025 годзе золата расло. Рост працягваўся да 2026 года, і цана дасягала 5,5 тысячы долараў за ўнцыю. Затым адбылася пэўная карэкцыя — адкат назад.

Таму, безумоўна, калі б укласціся ў золата пару гадоў таму і выгадна яго набыць, то, верагодна, можна было б, напрыклад, забяспечыць сабе адпачынак.

Але, па-першае, для гэтага трэба працаваць — гэта не адбываецца само па сабе. Рынкі ўсё роўна застаюцца рызыкоўнымі: ёсць магчымасць зарабіць, але ёсць і рызыка страціць.

Па-другое, для гэтага патрэбны капітал — інвестыцыі ў золата нельга назваць таннымі. Калі чалавек не прафесійны інвестар, то, на мой погляд, лепш усё ж такі дыверсіфікаваць укладанні, — лічыць эканамістка.

А што з нерухомасцю? Ці можна падзарабіць?

— Разглядаць нерухомасць як добрую інвестыцыю — гэта таксама спрэчнае пытанне. Цяпер мы бачым, што ў 2025 годзе цэны сапраўды актыўна выраслі, але яны могуць і знізіцца — усё залежыць ад далейшай кан’юнктуры і сітуацыі ў эканоміцы.

Калі чалавек купляе кватэру для ўласнага пражывання — гэта адно пытанне. А калі ў якасці інвестыцыі, каб зарабіць, — гэта ўжо іншае. Трэба разумець, што апроч самой пакупкі людзі часта бяруць крэдыты.

Па крэдытах трэба плаціць працэнты, прычым у Беларусі яны не малыя. І перш чым кватэра пачне прыносіць аддачу, пройдзе шмат гадоў — гэта таксама важна ўлічваць, — папярэджвае Анастасія Лузгіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.