Закончыць аднаўленне дома ў Гомелі, дзе адбыўся выбух, плануюць у траўні

Гомельскі дом, дзе адбыўся выбух

Гомельскі дом, дзе адбыўся выбух / БЕЛТА

Гомельцы з дома №3 на вуліцы Косарава, чые кватэры пацярпелі ад выбуху, ужо з сённяшняга дня могуць атрымліваць грашовыя кампенсацыі. Іх прызначылі людзям, чые кватэры прызнаныя аварыйнымі пасля выбуху. Пра гэта паведаміў старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.

Чыноўнік заявіў, што памер выплат разлічаны Гомельскім агенцтвам па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры і адпавядае рынкаваму кошту іх кватэр.

Тым часам Гомельскі аблвыканкам зацвердзіў графік аднаўлення канструкцый у доме, пашкоджаным выбухам. Плануецца, што работы будуць завершаныя ў траўні 2026 года.

Цяпер каля дома ідзе ўстаноўка і мантаж вежавага крана для аднаўленчых работ. Паралельна распрацоўваецца праектная дакументацыя.

Выбух у шматпавярховым доме адбыўся 17 снежня 2025 года. Пры гэтым абрынуліся перакрыцці паміж паверхамі. Пазней пад заваламі знайшлі цела жанчыны. У МНС папярэдняй прычынай выбуху назвалі ўспышку газу без далейшага гарэння. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.