На беларуса і яго дзяўчыну напалі ў навагоднюю ноч пад Варшавай
Пярцовы балончык, ілюстрацыйнае фота / IMAGO / Daniel Scharinger / Imago Stock and People / East News
На беларуса Аляксея Бядненку, які жыве ў Варшаве, у навагоднюю ноч напалі і збілі. Пра гэта расказвае "Белсат".
Аляксею 24 гады. 31 снежня ён прыехаў да сваёй дзяўчыны-ўкраінкі ў Жырардуў, размешчаны недалёка ад Варшавы, каб сустрэць Новы год. За паўгадзіны да паўночы маладыя людзі пайшлі на канцэрт у цэнтр горада. Да іх далучылася сястра дзяўчыны Аляксея, якой яшчэ няма 18 гадоў. Але да гарадскога свята яны так і не дайшлі.
"Мы пайшлі ў бок канцэрту, на дарозе нас сустрэлі двое мужчын і адна дзяўчына. Дзяўчына была апранутая звычайна, мужчыны былі ва ўсім чорным і балаклавах. Яны былі каля крамы 24/7. Дзяўчына размаўляла з прадавачкай. Я і падумаць не мог, што каля крамы можа нешта здарыцца. Таму мы проста далей ішлі", — кажа Аляксей.
Адзін з мужчын, па словах маладога чалавека, пайшоў у яго бок і штурхнуў яго плячом. Хлопец, прадчуваючы канфлікт, прапанаваў дзяўчатам ісці наперад і не звяртаць увагі. Мужчына звярнуўся да Аляксея па-польску, але той кажа, што не пачуў: суразмоўца быў у балаклаве, шапцы і капюшоне. Праз нйкі час мужчына дагнаў кампанію і пачаў біць беларуса па галаве.
Аляксей з дзяўчатамі пачаў уцякаць, а потым вырашыў затрымаць пераследнікаў: ён спыніўся і дастаў невялікі пярцовы балончык. Аднак скарыстацца не паспеў — у нападніка быў велізарны балон-"пярцовік", якім карыстаюцца ахоўнікі, і ён пачаў з яго заліваць беларуса.
"Рэчыва было вельмі моцнае, таму што я адразу страціў зрок, не мог нармальна дыхаць і хоць нешта зрабіць. Я толькі чуў, як ззаду падбегла мая дзяўчына і паспрабавала стрымаць мужчыну, які збіраўся мяне біць", — згадвае Аляксей. Дзяўчыну тады таксама залілі з балона, яна пачала крычаць.
У гэты момант дзяўчына, якая была ў кампаніі з нападнікамі крыкнула ім — і яны ўсе ўцяклі. Аляксей з дзяўчынай нічога не бачылі, няпоўнагадовая сястра ўкраінкі была ў разгубленасці. Яны спрабавалі спыніць машыны, але безвынікова. У краме яны папрасілі даць вады ці малака, каб прамыць вочы, але прадавачка запатрабавала заплаціць. Як на бяду, карткай гэта зрабіць было немагчыма, а гатоўкі ў маладых людзей не было. Выклікаць паліцыю прадавачка адмовілася. Сястра дзяўчыны затэлефанавала маці, і тая ўсіх забрала дадому.
Аляксей кажа, што дома яны яшчэ тры-чатыры гадзіны адмываліся і прыходзілі ў сябе. На наступны дзень, 1 студзеня, пайшлі ў паліцыю пісаць заяву. Але ім прапанавалі прыйсці 2 студзеня. Ахвяры нападу прыйшлі, і паліцыя склала пратакол. Аднак здымаць пабоі паліцыянты не сталі і толькі папрасілі скінуць фатаграфіі сінякоў на электронную пошту следчага. Беларус адправіў ліст і пайшоў у бальніцу на абследаванне, якое пацвердзіла наяўнасць у гематомы на галаве і наступствы пярцовага газу. У дзяўчыны Аляксея выявілі вострую рэакцыю на стрэс. Гэтыя дакументы хлопец таксама занёс у паліцыю.
Аляксей Бядненка жыве ў Польшчы ўжо больш за два гады, атрымаў тут міжнародную абарону. Хлопец кажа, што за ўвесь гэты час амаль не сутыкаўся з агрэсіўным і/ці ксенафобскім стаўленнем палякаў. Прычыны нападу ён не ведае.