Гіганцкія тэрміны за сувязь з Украінай атрымала сямейная пара беларусаў

Вольга і Дзмітрый Капузы

Вольга і Дзмітрый Капузы / калаж "Вясны"

Гіганцкія тэрміны пакарання атрымалі муж і жонка Дзмітрый і Вольга Капузы з Брэстчыны — 24 і 21 года пазбаўлення волі адпаведна. Таксама іх унеслі ў спіс "тэрарыстаў", які складае КДБ.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", 36-гадовых Дзмітрыя і Вольгу Капузаў затрымалі 16 студзеня 2024 года. Яны родам з Драгічынскага раёна, жылі каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Пасля іх затрымання на дзяржаўным тэлебачанні выйшаў прапагандысцкі відэаролік "Зачистка. Борьба с диверсантами и агентами спецслужб Украины в Беларуси". У гэтым роліку Капузаў вінавацілі ў кантрабандзе з Украіны.

Агулам тады затрымалі групу з 12 чалавек. Як казалі прапагандысты, сям'я Капузаў працавала на спецслужбы Украіны. Дапамагаючы Службе бяспекі Украіны, яны нібыта забіралі выбухоўку і рабілі тайнікі на тэрыторыі Беларусі.

У відэа паказалі, што Дзмітрыю пры затрыманні прастрэлілі сцягно. Потым паказалі як ён ходзіць на мыліцах. Брата Дзмітрыя адразу пасля затрымання супрацоўнікі КДБ білі па галаве.

Сям'ю Капузаў абвінавачвалі ў "акце тэрарызму" і ў незаконных дзеяннях са зброяй і боепрыпасамі. Акрамя драконаўскіх тэрмінаў ім прызначылі буйныя штрафы. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.