Арыштаванага палкоўніка ДФР вешалі ў КДБ на крук у столі і білі электрашокерам

Андрэй Сяўрук

Андрэй Сяўрук / фота з базы "Пашпарт", атрыманае арганізацыяй Belpol

На пачатку 2024 стала вядома пра масавыя затрыманні афіцэраў Дэпартамента фінансавых расследаванняў у Мінску і Мінскай вобласці. У ведамстве прайшлі чысткі паводле падазрэння ў атрыманні хабару і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Нядаўна "Наша Ніва" даведалася імя аднаго з іх. Гэта палкоўнік ДФР Аляксандр Кійко — былы начальнік гарадскога міжраённага аддзела №2 упраўлення ДФР Камітэта дзяржкантролю па Мінскай вобласці. 

Яшчэ адным фігурантам гэтай справы быў палкоўнік ДФР Андрэй Сяўрук — начальнік Мінскага міжраённага аддзела ўпраўлення ДФР. Яго імя журналісты даведаліся ад сукамерніка, які сядзеў з ім разам на пачатку 2024-га.

Паводле яго, тады амаль у кожнай камеры СІЗА КДБ сядзела па супрацоўніку ДФР. Сяўрук не прызнаваў віны і казаў сукамерніку, што з іх ніхто не прызнаецца, акрамя аднаго. Напэўна, меўся на ўвазе якраз Кійко, які паводле звестак НН стаў супрацоўнічаць са следствам.

"Неяк вечарам Сеўрука паднялі і ўвялі, потым вярнулі троху не ў сабе, мякка кажучы. Потым Андрэй расказаў, што яго вадзілі ў гэтак званы "мяккі пакой" (камера, знутры абабітая мяккім матэрыялам, каб вязень не мог сабе пашкодзіць, таксама яна не прапускае гукі. — НН), там яго за кайданкі падвесілі на крук у столі і білі шокерам. Патрабавалі прызнання, ён аднекваўся, з гэтага моманту яго пачалі асабліва мучыць.

Бывала, уначы кожную гадзіну ўрываліся ў камеру, загадвалі здымаць майткі і прысядаць. З ягоных словаў, аднойчы ад здзекаў у яго спынілася сэрца там жа, у "мяккім пакоі", яму выклікалі рэанімацыю і адкачалі", — перадаюць журналісты словы сваёй крыніцы.

Андрэй Сяўрук нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Урэчча Любанскага раёна ў 1977 годзе. У структурах ДФР служыць з 1996 года. Пачынаў інспектарам, з 2012‑га — начальнік міжрэгіянальнага аддзела УДФР КДК.

Жонка Сеўрука на момант затрымання мужа працавала галоўнай спецыялісткай у Галоўным упраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама. У іх ёсць сын і дачка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.