ГУБАЗіК прыгразіў беларусам, якія радаваліся вызваленню палітвязняў

Баец ГУБАЗіК, ілюстрацыйнае фота

Баец ГУБАЗіК, ілюстрацыйнае фота

Сілавікі нервова адрэагавалі на радасць беларусаў з нагоды вызвалення 123 палітвязняў, якое адбылося 13 снежня. Набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал прыгразіў папомсціцца тым, хто нібыта "няправільна" адрэагаваў.

"Многіх падплінтусных (так прапагандысты называюць іншадумцаў, якія засталіся ў Беларусі. — Рэд.) за выходныя прарвала. Усё зафіксавана і вылезе... Хай не проста цяпер, але абавязкова вылезе", — заявілі аўтары тг-канала сілавікоў 15 снежня.

Як паведамлялася раней, у суботу 123 чалавекі былі вызваленыя з-за кратаў і вывезеныя з Беларусі. Гэта адбылося ў рамках дамоўленасцяў рэжыму Лукашэнкі з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. За вызваленне палітвязняў Злучаныя Штаты знялі санкцыі супраць "Беларуськалія".

Найбольш вядомыя сярод вызваленых — Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак, Марына Золатава. Большасць з вызваленых палітвязняў вывезлі ва Украіну. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.