Усе цэментныя заводы Беларусі ў 2025 годзе не плацілі за энергарэсурсы

Беларускі цэментны завод

Беларускі цэментны завод / onliner.by

З пратакола пасяджэння Рэспубліканскай камісіі па кантролі за ажыццяўленнем разлікаў за прыродны газ, электрычную і цеплавую энергію стала вядома, што арганізацыі камунальнай формы ўласнасці за студзень-снежань 2025 года недаплацілі 305 млн рублёў. Дакумент рэдакцыі Еўрарадыё перадала ініцыятыва BELPOL.

З яго таксама стала вядома, што ўсе цэментныя, а таксама шкляныя заводы (акрамя ААТ "Гомельшкло") Беларусі не аплачвалі энерганосьбіты на працягу ўсяго 2025 года. Разабрацца з гэтай сітуацыяй даручана Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва.

Гродзенскаму аблвыканкаму было даручана прапрацаваць пытанне аплаты ААТ "Агракамбінат „Скідзельскі“ за спажыванне энергарэсурсаў у 2025 годзе. Як вынікае з дакумента, прадпрыемства проста не плаціла за газ, электраэнергію і цеплавую энергію.

Адным са спосабаў пагашэння запазычанасці з’яўляецца прадастаўленне акцыянернаму таварыству бюджэтнай пазыкі. Аднак адначасова ў пратаколе запісана, што ДВА “Белпалгаз" і ДВА "Белэнерга" абавязаны выпрацаваць прапановы па ўвядзенні рэжымаў абмежавання падачы энергарэсурсаў на аб’екты агракамбіната "Скідзельскі".

У Віцебскай вобласці злосным неплацельшчыкам за спажытыя энергарэсурсы з’яўляецца ААТ "Обальскі керамічны завод".

У Гомельскай вобласці ААТ "Гомельшкло" (з усімі філіяламі) не разлічылася за пастаўлены газ, у тым ліку па растэрміноўцы ў адпаведнасці з распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі ад 13 снежня 2019 года.

Раней Еўрарадыё паведамляла, што Беларускі металургічны завод, ААТ "Мінскі падшыпнікавы завод", ААТ "Палессеэлектрамаш" і ААТ "БЕЛНДІЛІТ" таксама не ўнеслі плату за  выкарыстаныя энергарэсурсы (электраэнергію, газ і цеплавую энергію) у студзені-снежні 2025 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.