Гомельскае прадпрыемства пашырае выраб прадукцыі ваеннага прызначэння

Прадукцыя завода — антэнная сістэма АС-14 (АС-14м, АС-14э)

Прадукцыя завода — антэнная сістэма АС-14 (АС-14м, АС-14э) / ГКБ "Луч"

Гомельскае канструктарскае бюро "Луч" правядзе рэканструкцыю склада. Ён будзе пераабсталяваны пад вытворчы цэх буйнагабарытных антэнных металаканструкцый ваеннага прызначэння. Пра гэта даведалася выданне "Флагшток" з абвешчанага тэндару.

У перадпраектнай дакументацыі кошт будаўніцтва паводле папярэдніх звестак складае больш за 7 млн рублёў (амаль 2,5 млн долараў). Акрамя рэканструкцыі склада плошчай 877 кв. метраў запланаванае ўзвядзенне прыбудовы для кампрэсарнай.

Мяркуецца, што за год цэх будзе выпускаць чатыры "буйнагабарытныя металічныя канструкцыі", а чаканая выручка ад іх продажу складзе 9,47 млн руб. (больш за 3,3 млн долараў). Пачатак будаўніцтва запланаваны на верасень 2026 года.

Як гаворыцца на сайце прадпрыемства, гомельскі "Луч" распрацоўвае і вырабляе ў тым ліку антэна-фідарныя прылады і іх элементы. Выраб буйнагабарытных антэнных металаканструкцый ваеннага прызначэння стане пашырэннем вытворчасці.

Гэтае канструктарскае бюро ўваходзіць у холдынг "Сістэмы радыёлакацыі", які належыць Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.