У Балгарыі крэсла прэзідэнта ўпершыню заняла жанчына

Іліяна Ётава

Іліяна Ётава / БГНЕС

У Балгарыі ўпершыню на пасадзе прэзідэнта краіны апынулася жанчына. 23 студзеня Канстытуцыйны суд краіны прыпыніў паўнамоцтвы прэзідэнта Румэна Радэва. Пасля яго гэтае крэсла заняла Іліяна Ётава.

У панядзелак, 19 студзеня, Радэў абвясціў, што пакідае пасаду пасля дзевяці гадоў перабывання на ёй. Прыкладна праз два месяцы ў Балгарыі павінны адбыцца датэрміновыя парламенцкія выбары.

Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што Радэў сышоў у адстаўку, каб стварыць уласную палітычную партыю для ўдзелу ў выбарах. Як нагадвае Радыё Свабода, палітык вядомы антыўкраінскай пазіцыяй: ён асуджаў спробы Украіны абараніцца ад расійскай агрэсіі. У сакавіку 2023 года на саміце ЕС, дзе абмяркоўвалася закупка 1 мільёна снарадаў для Украіны, Радэў не пагадзіўся на ўдзел Балгарыі ў гэтай праграме. Таксама палітык сістэматычна крытыкуе паводзіны NATO.

У Балгарыі прэзідэнт мае пераважна прадстаўнічыя функцыі, а рэальныя паўнамоцтвы — у прэмʼер-міністра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.