Прэм'ерка Літвы пракаментавала магчымы пераезд Ціханоўскай у Польшчу
Інга Ругінене / DELFI
Прэм'ерка Літвы Інга Ругінене пракаментавала магчымы пераезд Святланы Ціханоўскай у Польшчу. "Гэта яе асабістая справа — вырашаць, што яна абірае", — сказала кіраўніца літоўскага ўрада ў інтэрв'ю Delfi.
Ругінене дадала: "Я не бачу ані дадатковай вартасці, ані стратаў [у выпадку пераезду]".
Кіраўніца ўрада паведаміла, што Літва падтрымлівае шчыльныя кантакты з усёй беларускай апазіцыяй, а не толькі са Святланай Ціханоўскай: "Апазіцыя — гэта не толькі Святлана, апазіцыя — гэта значна больш людзей. Я радая, што былі вызваленыя лідары, якія таксама ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах".
Таксама Ругінене заявіла, што дагэтуль не атрымлівала ад Офіса Ціханоўскай афіцыйнай інфармацыі пра пераезд з Літвы. Нагадаем, Офіс не рабіў заяў пра пераезд — гэтая інфармацыя з'явілася ў медыя.
"З боку ўрада мы забяспечылі ёй усебаковую абарону і не раз дэманстравалі — і працягваем дэманстраваць — падтрымку дэмакратычным працэсам. Што датычыцца Расіі і Беларусі... Мы заўсёды падтрымлівалі свабоду слова, заўсёды падтрымлівалі дэмакратычныя працэсы і будзем падтрымліваць іх і надалей".
У чацвер Дзяніс Кучынскі, дыпламатычны дарадца Ціханоўскай, паведаміў, што частка яе Офіса пераедзе ў Варшаву. Аднак Офіс захавае дыпламатычную акрэдытацыю ў Літве і пакіне там супрацоўнікаў.