Беларусь ХХІ: “Беларусы па ўсім свеце ствараюць сабе “міні-рай”. Піша Квяткоўскі
Батумі / unsplash.com
"Беларусы тут за мяжой спрабуюць ствараць сваю Новую Беларусь, не жадаючы інтэгравацца ў краіну прыбывання", – кажа мне знаёмы ў Польшчы. Кажа не тое, каб з асуджэннем, але з сумневам — ці атрымаецца? Людзі не любяць замежнікаў, якія жывуць закрытым жыццём. Але фармальна, калі ты паважаеш закон, то ўсё астатняе твая справа. Жывеш у краіне — плаці падаткі, вось і ўся філасофія. Якія варыянты ў выпадку з беларусамі?
Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік Фундацыі Belarus 2020
У Варшаву пераязджае Святлана Ціханоўская. А яшчэ прыйшла сапраўдная зіма. Святлана Ціханоўская — гэта той фактар, які толькі паспрыяе мацаванню асяродкаў Беларусі па-за Беларуссю. Польскія ўлады не бачаць у нацыянальна-дэмакратычных беларусах пагрозы, наадварот — саюзнікаў. Таму пакуль пра снег.
Чым больш людзі ў фэйсбуку размаўляюць пра стандартнае для майго дзяцінства зімовае надвор'е, тым больш я вывучаю паблікі са старымі здымкамі Батумі — хочацца цяпла.
Мора, горы, унутраная свабода людзей і прасторы — усё захавалася дагэтуль. Але пакуль я там жыў у 2022-23, было ў маім адчуванні ад гораду яшчэ штосьці няўлоўнае, што рабіла і робіць Батумі адметным.
Менавіта старыя здымкі далі падказку — Стары Батумі створаны еўрапейцамі для еўрапейцаў. Візуальная імперская расейшчына там не дамінуе. Ні царская, ні сталінская.
Братоў Нобэляў запрасіў расейскі імператар, каб перапрацоўваць бакінскую нафту, і гнаць нафтапрадукты ў Еўропу.
Тое, што ў архітэктуры сёння турысту не беспадстаўна падаецца кітчам, часта мае за сабой схаваную ад вока еўрапейскую эстэтычную аснову канца ХІХ — пачатку ХХ стст. А дзе-нідзе французская і ангельская стылістыка вытыркаецца праз пластык і як бы пазалоту "еўрарамонту".
Як горад старажытнае паселішча Батумі заснавалі грэцкія купцы ў 1860-х, а на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў браты Нобэлі стварылі для еўрапейцаў курорт сам у сабе. Не класічны, як на французскім Сяродземным моры. Такі сабе маленькі "для сваіх".
Навошта еўрапейцу ехаць так далёка, калі пад бокам "Французская Рыв’ера" на Сяродземным моры? Падаецца, што мультымільянеры з Еўропы стварылі сабе міні-рай, на які не распаўсюджваліся строгасці, надуманасці ды ўмоўнасці Старой Еўропы. Зрабілі сабе выспу, каб вольна дыхаць, пры гэтым пакідаючы звыклыя жыццёвыя стандарты, які самі ж сабе і арганізавалі.
Мяне, і некаторых маіх сяброў, цягне ў Батумі неймаверна моцна. Аналізуючы розныя складнікі, я прыгадаў, што беларусы стварылі ў Батумі свой міні-востраў свабоды. Пры гэтым арганізаваўшы сабе звыклыя бытавыя ўмовы: са сваімі сантэхнікамі, электрыкамі, барберамі, бармэнамі, кулінарамі, шоўмэнамі і фатографамі і нават лекарамі.
Пры гэтым у Батумі ў выніку шэрагу розных прычын міжнацыянальныя канфлікты блізкія да нуля. Што таксама дадае вялікі плюс для жыцця людзей у гэтым незвычайным прыморскім горадзе.
Цяпер свет драбіцца на маленькія кавалачкі. Парадаксальным чынам інструменты глабалізацыі толькі спрыяюць таму, што людзі могуць дазволіць сабе ствараць самастойныя невялікія прасторы для існавання.
Адзін з парадоксаў — доступ да працы. У Батумі беларусы збольшага айцішнікі. Хоць хапала і медыйнікаў. Быў перыяд, калі на аднаго слесара прыпадала пяць відэамантажораў.
Заходнія еўрапейцы даўно адкрылі для сябе жыццё ва ўласнаруч створаных міні-раях у краінах з максімальна лаяльным да іншаземцаў стаўленнем.
Заходнікі ўцякалі ад бюракратыі, завышаных падаткаў і перавернутых у бок абсурду ідэяў правоў чалавека, якія раптам адкрывалі дарогу ў пекла несправядлівасці (дадай сваё).
А беларусы шукаюць Закон. Менавіта таму ў Польшчы беларусы смела падаюць у суд на некарэктных служачых банку ці выклікаюць паліцыю на некампетэнтнага работніка ў аэрапорце. Мы стаміліся ад беззаконня, а вы тут нам прапануеце тое самае, толькі від збоку? Не. Так не будзе. Нам патрэбны міні-рай Закону.
Уся гісторыя беларускага 2020 году і пасля яго — гэта частка гісторыі глабалізацыі. У Беларусі вырасла аграмадная колькасць людзей, якія фінансава не залежалі ад выкапня з 1970-х гадоў, якому ў рукі трапілася цэлая краіна для ўласных эксперыментаў. Людзі самі фінансава не залежалі ад дзяржавы, і сваімі грашыма стваралі працоўныя месцы ў сэрвісе. Плюс глабалізацыя — гэта імгненны распаўсюд інфармацыі. Таму прапаганда ўзору БТ 1970-х не працавала. І вось рэвалюцыя свядомасці штурханула на вуліцы, а контррэвалюцыя ўлады выштурхнула ў шырокі свет.
Беларускія "браты Нобэлі" у мініятуры – цэлая цывілізацыйная з’ява. Але міні-рай магчымы толькі пры адной умове – палітычнай лаяльнасці ўладаў краіны прыбывання.
Таму кожны, хто пытаецца што практычнага зрабіла Святлана Ціханоўская ці Павел Латушка, ці іх паплечнікі, можа ўжо тут і цяпер атрымаць адказ: беларускія палітычныя дзеячы за мяжой працуюць на як мінімум лаяльнасць уладаў краін прыбывання да вымушаных беларускіх перасяленцаў.
Мы не проста абстрактная "дыяспара". Мы палітычна матываваныя, ідэйна аб’яднаныя агульнымі каштоўнасцямі супольнасці. Таму прапанова да суайчынніка за мяжой: можаш лепш за іншых рэпрэзентаваць мае інтарэсы ў Польшчы (дадай сваю краіну) — рабі. Інакш ты разбураеш не абстрактны, а мой персанальны "міні-рай".
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.