Беларусь прадала Індыі каля 100 ударных дронаў "Міратворац" — BELPOL
Ударны дрон / rba.co.rw
Беларусь прадала Індыі партыю ударных беспілотнікаў. У СМІ паведамлялася, што гаворка ідзе пра дроны "Беркут-БМ" беларускай вытворчасці.
Як высветліла арганізацыя былых сілавікоў BELPOL, рэжым Лукашэнкі прадаў Індыі каля 100 дронаў. Перамовы пра пастаўкі пачаліся ў жніўні 2025 года, а сам кантракт быў падпісаны ў кастрычніку. Прыёмачныя мерапрыемствы прайшлі з 22 па 25 кастрычніка.
Пакупніком выступіла індыйская кампанія SMPP AMMUNITION Pvt. LTD. Прадаўцом у кантракце абазначана дзяржаўнае знешнегандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Белспецзнештэхніка", што ўваходзіць у структуру Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі.
Паводле звестак BELPOL, Індыя закупіла не ўдарны беспілотнік "Беркут-БМ", а беспілотны авіяцыйны комплекс (БАК) "Міратворац".
Ён адносіцца да класа баражыруючых боепрыпасаў з турбарэактыўным рухавіком. Ён можа праляцець да 180 км пры вышыні палёту 6000 м. Прычым кіраванне палётам ажыццяўляецца як у цалкам аўтаматычным рэжыме па загадзя зададзеным маршруце, так і ў рэжыме аўтаматызаванага кіравання аператарам. Баявая частка — фугасна-асколачная масай 10 кг.
Гэта шматмэтавы сродак паражэння праціўніка, арыентаваны найперш на тактычны ўзровень прымянення.
Распрацоўшчыкам БАК "Міратворац" з'яўляецца КБ "Беспілотныя верталёты", а вытворцам — "Беспілотныя лятальныя апараты".