Больш за 100 тысяч чалавек на Валыні былі без святла на Новы год
Украінскі ратавальнік, ілюстрацыйнае фота / ДСНС Украіны
Усю навагоднюю ноч Валынская вобласць Украіны была пад масіраванай атакай расійскіх беспілотнікаў. Мэтай іх атак былі аб'екты крытычнай інфраструктуры рэгіёну. Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на старшыню Валынскай абласной адміністрацыі Івана Рудніцкага.
Паводле яго, частку "шахедаў" удалося збіць, аднак некаторыя трапілі ў цэль. У выніку ўзніклі пажары — у прыватнасці, у Луцку і Ковельскім раёне. Інфармацыі пра параненых і загінулых няма.
Паводле інфармацыі "Валыньаблэнерга", без электрычнасці застаўся 103 341 абанент.
Паветраныя сілы УСУ паведамляюць, што ў навагоднюю ноч расіяне запусцілі па Украіне 205 ударных дронаў. 176 расійскіх беспілотнікаў збіла ўкраінская СПА, але 24 ударныя БпЛА пацэлілі па 15 лакацыях.
У прыватнасці, некалькі хваляў дронавых атак перажыла грамадзянская інфраструктура Адэскай вобласці. Пад ударам былі аб'екты энергетыкі і жылая інфраструктура.