Зяленскі заявіў, што ва Украіне няма ніводнай цалкам ацалелай электрастанцыі

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, заявіў, што ў краіне не засталося ніводнай непашкоджанай электрастанцыі.

"Няма ніводнай электрастанцыі ва Украіне, якая не была б пашкоджана расійскімі атакамі. Ніводнай", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Зяленскага, толькі ў студзені Украіна адбіла атакі каля 6000 дронаў, больш за 150 ракет і звыш 5000 кіраваных авіябомбаў.

Прэзідэнт Украіны назваў стан супрацьпаветранай абароны пытаннем выжывання. Пры гэтым Зяленскі падзякаваў краінам, якія падтрымліваюць Кіеў "не толькі словамі, але і справамі", асобна адзначыўшы дапамогу Германіі, Нарвегіі і Нідэрландаў, а таксама пастаўкі ўзбраення па лініі ЗША.

"Я ганаруся нашай краінай. Менавіта мужнасць і стойкасць украінцаў маюць вырашальнае значэнне. За гэта ўкраінцы заслугоўваюць падзякі і павагі", — заявіў ён пад апладысменты залы.

Асобна Зяленскі раскрытыкаваў кіраўніцтва Ірана за пастаўкі дронаў Расіі. Паводле яго слоў, Украіна не знаходзіцца ў канфлікце з Іранам, аднак менавіта іранскія беспілотнікі выкарыстоўваюцца для атак на ўкраінскія гарады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.