Пасля расійскай атакі без святла засталіся больш за 100 тысяч сем'яў у Кіеве

Наступствы ўдару па Адэсе

Наступствы ўдару па Адэсе / ДСНС Украіны

Пасля масіраванай расійскай атакі 107 тысяч сем'яў у Кіеве часова засталіся без святла.

Без электрычнасці засталася частка дамоў у Дзяснянскім раёне Кіева. Энергетыкі адразу падключылі да сілкавання аб'екты крытычнай інфраструктуры, піша hromadske.ua.

Кіраўнік гарадской адміністрацыі Віталь Клічко паведаміў, што ў выніку пашкоджання аб'ектаў крытычнай інфраструктуры яшчэ амаль 2600 сталічных дамоў апынуліся без цяпла. Гэта шматпавярховікі на абодвух берагах Дняпра.

Таксама больш за 1100 шматпавярховікаў у Дняпроўскім і Дарніцкім раёнах застаюцца без цяпла пасля мінулых абстрэлаў.

У ноч на 12 лютага расійскія войскі запусцілі па Украіне 24 балістычныя ракеты, авіяракету Х-59/69 і 219 ударных дронаў. Асноўнымі напрамкамі ўдару былі Кіеў, Харкаў, Днепр, Адэса.

У Дняпры падчас атакі пацярпелі немаўля і чатырохгадовая дзяўчынка. Хлопчыка, якому яшчэ няма і месяца, шпіталізавалі. Яго стан медыкі ацэньваюць як сярэдняй цяжкасці.

У Адэсе пад удар трапілі аб'ект інфраструктуры, бізнес-цэнтр і жылы шматпавярховік. Паводле папярэдніх звестак, ёсць адзін пацярпелы, медыкі аказваюць яму дапамогу. Праз адсутнасць электрычнасці без вады засталіся спажыўцы ў шэрагу раёнаў Адэсы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.