КДБ — гэта небяспечна? Міхалевіч пра вярбоўку беларусаў і маўчанне за мяжой

Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч / Еўрарадыё

— Гэта яны павінны баяцца, — кажа юрыст-міжнароднік, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч.

У інтэрв’ю Еўрарадыё ён расказвае пра тое, чаму не трэба недаацэньваць працу КДБ сёння, як адбываецца вярбоўка беларусаў за мяжой і чаму маўчанне і страх толькі на руку супрацоўнікам спецслужбаў.

Наколькі небяспечны КДБ

— Давайце згадаем паралель паміж Усходняй і Заходняй Германіяй. Я не памятаю, каб хто казаў, што Штазі ўжо не тое, што яны дрэнныя ці слабыя, ці чагосьці не ўмеюць. У Штазі працавалі немцы. У беларускім КДБ працуюць беларусы.

Уявім сабе маладога хлопца, напрыклад, са Смаргоні ці Рагачова, які пераехаў у Мінск, скончыў Інстытут нацыянальнай бяспекі, атрымаў крэдыт на кватэру і працуе ў КДБ. Яго абавязкі — вярбоўка, збор інфармацыі, распрацоўка людзей за мяжой, высылка і вядзенне агентуры ў той жа Польшчы. 
Тут варта разумець, што Польшча ў нейкім сэнсе мала цікавая Расіі. Як Заходняя Германія ў савецкія часы была зонай адказнасці Усходняй Германіі (ГДР), так і расійская ФСБ цалкам разумее, што беларускі КДБ лепш арыентуецца ў Польшчы і больш ведае, як там развіваецца сітуацыя. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.