СБУ апублікавала запісы размоваў беларускай шпіёнкі

Затрыманне Іны К.

Затрыманне Іны К. / ГУР

Увечары 27 студзеня Служба бяспекі Украіны (СБУ) і Галоўнае ўпраўленне разведкі (ГУР) апублікавалі новыя падрабязнасці затрымання беларускай журналісткі. Як паведамлялася раней, Іну К. вінавацяць у шматгадовай супрацы з КДБ Беларусі і шпіянажы ва Украіне.

Украінскія спецслужбы паведамляюць, што беларуска супрацоўнічала з КДБ з 2015 года. Нейкі час яна супрацоўнічала тэлеканалам "112", які належаў алігарху Мядзведчуку. У 2020 годзе беларускія спецслужбы накіравалі яе працаваць ва Украіну.

У апублікаваных гутарках яна абмяркоўвае, напрыклад, ганарары за сваю працу, кажа, што ёй пасуе працаваць пад прыкрыццём журналісткі. У адным з запісаў куратар яе пераконвае, што рашэнне пра яе працу прымае асабіста Лукашэнка:

"Праз аднаго чалавека прымае рашэнне вас прыняць. Самы першы чалавек нашай краіны. Гэта значыць, у нас тры чалавекі, якія будуць ведаць толькі пра вас. І можа тэхнічна нават, калі вы бачылі, то зразумееце, пра што я кажу. Гэта не класіка, а менавіта.... Менавіта бяспека, якая з пункту гледжання бяспекі вашай. Ёсць і досвед, ёсць і падтрымка ад першай асобы наогул нашай краіны".

Таксама яна абмяркоўвала з куратарам, як праходзіць паліграф.

Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання беларуска пад выглядам медабследавання выязджала ў адну з краін ЕС для інструктажу. Ёй даручылі збіраць інфармацыю пра беларусаў і расіян, якія дапамагаюць Украіне ў змаганні супраць РФ. Акрамя таго яна атрымала заданне ад КДБ усталяваць кантакты з супрацоўнікамі амбасады Кітая, каб збіраць даныя пра дзейнасць іх дыпламатаў ва Украіне.

У распрацоўку Службы ўласнай бяспекі ГУР беларуска трапіла, калі паспрабавала ўладкавацца ў адно са штабных падраздзяленняў ваеннай разведкі. Украінскія разведчыкі пачалі з ёй аператыўную гульню, падкідваючы праз яе дэзінфармацыю беларускім спецслужбам. Сярод іншага яны заўважылі, што беларуска спрабуе вербаваць агентаў для КДБ.

Сабраўшы поўную базу доказаў, СБУ і ГУР затрымалі падазраваную каля яе месца пражывання. У яе забралі смартфон і дыктафон, на які яна фіксавала закрытыя звесткі. За шпіянаж ёй пагражае да 15 гадоў зняволення. 

СБУ апублікавала запісы размоваў беларускай шпіёнкі
Затрыманне Іны К. / ГУР
СБУ апублікавала запісы размоваў беларускай шпіёнкі
Затрыманне Іны К. / ГУР

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.