Андрэй Стрыжак парушыў дамоўленасці з фондам BYSOL

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак парушыў дамоўленасці, не перадаўшы дзве юрыдычныя асобы фонду BYSOL, калі пакідаў пасаду ў арганізацыі.

У фондзе кажуць, што ўсе арганізацыі мусілі змяніць уласніка, і Стрыжак пагаджаўся на гэта, але потым "змяніў меркаванне".

"Адмову А. Стрыжака перадаць кіраванне польскай і амерыканскай юрыдычнымі асобам мы расцэньваем як грубае парушэнне дасягнутых дамоўленасцяў. Падкрэсліваем, што юрасобы BYSOL у ЗША і Польшчы не з'яўляюцца прыватнай уласнасцю А. Стрыжака. Яны ствараліся і развіваліся намаганнямі каманды, партнёраў і донараў, а пакрыццё фінансавых выдаткаў ажыццяўлялася за кошт зарэгістраванай у Літве юрыдычнай асобы BYSOL", — гаворыцца ў каментары фонду.

Напярэдадні Стрыжак заявіў, што для свайго новага праекту BELAID будзе выкарыстоўваць дзве юрасобы "з папярэдняга праекта", і згадваў, што адна ў ЗША, а другая ў Польшчы. Назвы іх ён не прыводзіў.

Пасля таго, як Стрыжак пакінуў BYSOL, меркавалася, што ён перадасць усе тры юрыдычныя асобы дырэктару BYSOL Віталіюсу Моцкусу. Аднак Еўрарадыё высветліла, што перапісаная была толькі літоўская арганізацыя.

Зарэгістраваная ў Польшчы BYSOL PL FOUNDATION дагэтуль належыць Стрыжаку, амерыканскай BYSOL USA International Foundation кіруе нейкая Marina Lvova.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.